07.12.2023 Тэгі: правы чалавека, АБСЕ, карткі, выбары-2024 Першыя выбары* пасля крызісу 2020 года прызначаны на 25 лютага 2024 года – будзе адзіны дзень галасавання: выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ў Беларусі. Гэтая выбарчая кампанія ўжо пачалася з масавай хвалі ператрусаў па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду". За любую актыўную грамадскую актыўнасць у Беларусі можна папасці пад пераслед. Пад такой рызыкай знаходзяцца і патэнцыйныя незалежныя назіральнікі_цы, якія хацелі бы скарыстацца сваім правам грамадскага кантролю. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае ўсё, што трэба ведаць пра незалежнае назіранне, а юрыстка Святлана Галаўнёва і іншыя эксперты кампаніі тлумачаць яго важнасць і ацэньваюць рызыкі такой дзейнасці сёння ў Беларусі.
Што такое назіранне за выбарамі?Назіранне за выбарамі — гэта дзейнасць па адсочванню і ацэнцы таго, як арганізуюцца і праводзяцца выбары, уключаючы непасрэдны агляд дзейнасці выбарчых участкаў. Гэта магчымасць адсачыць як ладзяцца гэтыя выбары ад пачатку да канца. Назіральнікі дапамагаюць сабраць доказы парушэння ці фальсіфікацый выбарчых працэсаў. Выбары з'яўляюцца найважнейшым элементам дэмакратыі, але ў той жа час выбарчыя правы і свабоды з'яўляюцца аднымі з найбольш уразлівых, таму грамадскі кантроль адыгрывае ключавую ролю ў правядзенні свабодных дэмакратычных выбараў. Часам назіранню за выбарамі аўтаматычна прыпісваееца рыса непрадузятасці (менавіта так адкажа ChatGPT, напрыклад), але насамрэч назіранне за выбарамі можа быць вельмі розным. Актыўнымі актарамі назірання за выбарамі часта становяцца палітычныя партыі, якія ўдзельнічаюць у электаральнай гонцы, і ў такім выпадку непрадузятасць можа быць пад пытаннем. Гэта не з'яўляецца нейкай негатыўнай характарыстыкай партыйных назіральнікаў, проста мэты партыйнага назірання могуць адрознівацца ад мэт незалежных назіральнікаў. Непрадузятасць, разам з незалежнасцю, транспарэнтнасцю і адпавяданне назіральнікаў пэўным стандартам – гэта асноўныя прынцыпы незалежных назіральнікаў. Да іх звычайна адносяць міжнародныя місіі ад АБСЕ і ААН. Але незалежнымі могуць быць і мясцовыя назіральнікі, калі яны адпавядаюць тым жа стандартам. |
Чаму важна незалежнае назіранне?Праваабаронца Павел Сапелка адзначае, што назіранне, як незалежнае нацыянальнае, так і міжнароднае, заўсёды было адной з гарантый правядзення свабодных выбараў:
|
Чым рэгламентуюцца правы назіральнікаў?Рэгуляванне правоў і ўмоваў назірання за выбарамі здзяйсняецца заканадаўствам кожнай канкрэтнай краіны. Але агульная рамка задаецца канешне на міжнародным узроўні. Існуюць агульнапрынятыя стандарты і прынцыпы, якія часта ўлічваюцца пры рэгуляванні правоў назіральнікаў за выбарамі ў розных краінах. Асноўныя стандарты задае арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), якая назапашвае лепшыя практыкі і выпрацоўвае як гайды для арганізатараў назірання, так і рэкамендацыі для арганізатараў выбараў. У АБСЕ за шмат гадоў працы і назірання за выбарамі па ўсім свеце выпрацаваны сістэмны падыход бачання таго, па якіх стандартах павінны праходзіць свабодныя і сумленныя выбары. Ёсць канкрэтныя рэкамендацыі, як такіх вынікаў дасягнуць у канкрэтнай краіне і што можна палепшыць. Міжнароднае назіранне АБСЕ задае планку для ўсіх, хто хоча самастойна арганізаыаць незалежнае назіранне за выбарамі. Для назіральнікаў АБСЕ ёсць дэталёва распрацаваныя метадалогіі і гайды. І, напрыклад, кампанія беларускіх праваабаронцаў "Праваабаронцы за свабодныя выбары", куды ўваходзяць эксперты "Вясны" і Беларускага Хельсінкага камітэту, заўсёды выпрацоўвалі працу сваіх назіральнікаў і аналітыкаў на аснове таго, як назіранне арганізавана ў АБСЕ. |
Якімі заканадаўчымі актамі рэгулюецца дзейнасць назіральнікаў?Асноўныя нарматыўныя акты, якія будуць рэгуляваць дзейнасць назіральнікаў падчас выбараў*-2024 – гэта Выбарчы кодэкс у новай рэдакцыі ад 2023 года і зацверджанае Цэнтральнай выбарчай камісіяй “Палажэнне аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года”. Дарэчы, Выбарчы кодэкс цяпер афіцыйна перакладзены на беларускую мову. Яго пераклад адобраны 24 ліпеня 2023 года экспертным саветам па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову. |
Што змянілася ў дзейнасці назіральнікаў за апошні час?Цяпер права быць нацыянальным назіральнікам у Беларусі маюць толькі асобы, што валодаюць выбарчым правам. "У любым выпадку, існае рэгуляванне доступу назіральнікаў да электаральных мерапрыемстваў і працэдур з'яўляецца недастатковым для забеспячэння празрыстасці і галоснасці выбараў", — адзначылі ў першай справаздачы аналітыкі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Старшыня ЦВК Ігар Карпенка перад першым пасяджэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі паведаміў, што зменены тэрміны акрэдытацыі нацыянальных назіральнікаў на выбарах: "Сёння, калі ты мае намер удзельнічаць у назіранні за выбарамі ў той ці іншай камісіі, ты павінен працэс акрэдытацыі прайсці да пачатку датэрміновага галасавання. Гэта значыць з улікам таго, што датэрміновае галасаванне ў нас пачынаецца ў аўторак, 20 лютага 2024 года, то панядзелак, 19 лютага, — апошні дзень рэгістрацыі нацыянальных назіральнікаў для назірання ў той ці іншай камісіі". Больш падрабязны агляд зменаў у заканадаўстве і грамадска-палітычнай сітцуацыі чытайце ў першай справаздачы кампаніі:
|
Як стаць назіральнікам_цай?Права ажыццяўляць назіранне за выбарчымі працэсамі ўстанаўліваецца артыкулам 13 Выбарчага кодэкса. Згодна з ім, назіраць за выбарамі, акрамя замежных (міжнародных) назіральнікаў, могуць таксама прадстаўнікі_цы палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, Назіраць за выбарамі маюць права таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў, сябры Савета Рэспублікі. Падрабязна працэдура накіравання нацыянальных назіральнікаў апісана ў “Палажэнні аб парадку накіравання і дзейнасці назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года”. Назіральнікам у Беларусі можна стаць грамадзянін_ка Рэспублікі Беларусь ад 18 гадоў. Каб стаць нацыянальным назіральнікам неабходна не пазней за дзень, які папярэднічае дню пачатку датэрміновага галасавання аккрэдытавацца ў адпаведнай выбарчай камісіі, дзе плануецца ажыццяўленне назірання. “Гэта новае правіла, якое, напэўна, будзе спрыяць таму, каб улады маглі пазбавіцца ад непажаданых назіральнікаў задоўга да дня галасавання — знайсці фармальную падставу ці стварыць яе, каб пазбавіць назіральніка акрэдытацыі ці наўпрост адвольна рэпрэсаваць, напрыклад, у адміністрацыйным парадку”, — адзначае Павел Сапелка. Для гэтага неабходна прад'явіць накіраванне на назіранне і пашпарт ці ідэнтыфікацыйную карту. Гэтае накіраванне можна атрымаць ад партыі ці грамадскага аб’яднання, ад працоўнага калектыву і ад групы грамадзян. Калі назіральнік накіроўваецца ад партыі ці гармадскага аб’яднання, то накіраванне на назіранне павінна быць афромлена пратаколам пэўнай партыі, арганізацыі ці іх структурнай адзінкі. Копія пратакола ці выпіска з яго павінна быць накіравана ў выбарчую камісію. Пры гэтым, як адзначаюць эксперты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", у сувязі з "зачысткай" грамадскага сектару ў Беларусі скарачаецца колькасць грамадскіх аб'яднанняў, прадстаўнікі якіх могуць быць назіральнікамі. Калі назіральнік вылучаецца ад працоўнага калектыву, то накіраванне на назіранне афармяецца пратаколам рашэння схода (канферэнцыі) працоўнага калектыву арганізацыі альбо падраздзялення арганізацыі. Калі асобныя падраздзяленні арганізацыі накіроўваюць сваіх назіральнікаў, то назіральнікі агулам ад арганізацыі не накіроўваюцца. Каб пайсці назіраць наўпрост ад групы грамадзян, то гэта мусіць быць аформлена калектыўнай заявай. Яе павінны падпісаць не менш за 10 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета, выбарчай акругі, участка для галасавання. Тэрмін паўнамоцтваў назіральніка пачынаецца са дня яго акрэдытацыі і заканчваецца ў дзень устанаўлення адпаведнай камісіяй вынікаў падліку галасоў, вынікаў або вынікаў выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата. |
Ці ёсць сэнс для грамадства ў назіральніках ад праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў?На выбарчых кампаніях у Беларусі звычайна на ўчасткі актыўна выстаўляюцца назіральнікі ад прадзяржаўных палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і працоўных калектываў. Як адзначае юрыстка Святлана Галаўнёва, прысутнасць розных назіральнікаў на выбарах забяспечвае прадстаўленне розных пунктаў гледжання, аднак важна адрозніваць такое назіранне ад незалежнага.
З'ява праўладных назіральнікаў ад псеўдаграмадскіх аб’яднанняў, як БРСМ ці "Белая Русь", характэрна для недэмакратычных рэжымаў, якія спрабуюць стварыць бачнасць дэмакратычнасці і легітымнасці таго, што адбываецца падчас выбарчай кампаніі. Варта адзначыць, што аніводнага разу гэтыя псеўданазіральнікі не выдавалі справаздач паводле свайго "назірання". Але яны былі адзначаны ў правакацыях у адносінах да незалежных назіральнікаў і назіральнікаў ад апазіцыйных суб'ектаў: даносілі ці паклёпнічалі на іх з мэтай выдалення з участку.
|
Якія правы маюць назіральнікі і што ім забаронена?Артыкул 13 Выбарчага кодэкса мае вычарпальны спіс правоў і забаронаў для назіральнікаў. Але праваабаронцы звяртаюць увагу, што гэта не зусім слушны падыход, бо вычарпальным павінны быць юрыдычна і на практыцы толькі спіс забаронаў.
Так, згодна арт. 13 Выбарчага кодэкса, назіральнік мае права, напрыклад, прысутнічаць на пасяджэннях адпаведных камісій; прысутнічаць пры пламбаванні або апячатванні скрынак для галасавання; знаходзіцца ў дзень галасавання ў памяшканні для галасавання з моманту пламбавання або апячатвання скрынак для галасавання да заканчэння падвядзення рэзультатаў галасавання; прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцы знаходжання грамадзян, правядзенні паўторнага падліку галасоў грамадзян; назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання, выкананнем устаноўленага гэтым Кодэксам парадку галасавання; звяртацца з прапановамі і заўвагамі па пытаннях арганізацыі галасавання да старшыні ўчастковай камісіі або яго намесніка; атрымліваць інфармацыю аб рэзультатах падліку галасоў і складанні пратаколаў адпаведных камісій аб рэзультатах выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата; знаёміцца з пратаколамі ўчастковых камісій аб рэзультатах галасавання і пратаколамі адпаведных камісій аб рэзультатах выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата, падпісанымі і накіраванымі ў вышэйстаячую камісію ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам; зрабіць копію пратакола ўчастковай камісіі аб рэзультатах галасавання сваімі сіламі і сродкамі; накіроўваць звароты ў адпаведную або вышэйстаячую камісію ці пракурору аб ліквідацыі парушэння гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата не пазней чым на трэці дзень пасля выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адкліканні дэпутата. Пры гэтым, назіральніку забаронена займацца агітацыяй у любой яе форме; аказваць кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты якую-небудзь інфармацыйную, метадычную, фінансавую або іншую дапамогу; ствараць перашкоды ў правядзенні галасавання; прадпрымаць дзеянні, якія парушаюць тайну галасавання; весці апытанні грамадзян, якія прыбылі для галасавання і прагаласавалі; запаўняць за грамадзяніна па яго просьбе бюлетэнь; ствараць перашкоды для нармальнай работы камісій і правядзення галасавання; знаходзіцца каля сталоў выдачы бюлетэняў, каля кабін і скрынак для галасавання; умешвацца ў работу камісій. У Выбарчым кодэксе адзначаецца, што камісія, пры якой акрэдытаваны назіральнік, мае права пазбавіць яго акрэдытацыі ў выпадку парушэння ім заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата. |
Ці будуць назіральнікі ад кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", як на папярэдніх выбарчых кампаніях?Не. Кампанія вырашыла адмовіцца ад назіральнікаў з прычын бяспекі. На гэтай электаральнай кампаніі будзе дзейнічаць экспертная місія.
|
А ці будуць на гэтых выбарах* міжнародныя назіральнікі?Так, але паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі гэта будуць толькі прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій краін СНД і Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі. Звычайна за беларускімі выбарамі таксама назіраюць місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), якія па выніку прызнаюць іх легітымнымі і адпаведнымі дэмакратычным стандартам. Але такія назіральніцкія місіі нельга назваць незалежнымі ці аб’ектыўнымі. Як адзначае юрыстка Святлана Галаўнёва, у недэмакратычных уладаў часта ёсць спакуса арганізаваць квазінезалежнае назіранне, каб мець у распараджэнні выгадную ацэнку выбараў. Таксама гэта спосаб прадставіць альтэрнатыўныя вынікі назірання, якія падмацоўваюць пазіцыі дзейных уладаў. Таксама Карпенка ў эфіры АНТ распавёў, што назіральнікаў ад АБСЕ ў Беларусь не паклічуць. |
Ці бяспечна сёння ў Беларусі назіраць за выбарамі*?На сённяшні дзень ёсць вялікая рызыка таго, што спробы грамадскай супольнасці накіраваць назіральнікаў на будучыя выбары* пацягне за сабой пераслед гэтых назіральнікаў, як за сам факт спробы назірання, так і за патэнцыйныя сувязі з арганізацыямі грамадскай супольнасці, якія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі", кажа юрыстка. Пры гэтым, як адзначае юрыстка, дзейнасць незалежных назіральнікаў не з’яўляецца незаконнай. Наадварот, у артыкуле 13 Выбарчага кодэкса пра назіранне гаворыцца ў кантэксце забеспячэння адкрытых і галосных выбараў.
Але, як звяртаюць увагу прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", незалежнае назіранне ў створаных уладамі ўмовамі ў Беларусі амаль немагчыма:
Праваабаронца Павел Сапелка таксама адзначае, што ў сённяшніх умовах хутчэй за ўсё ў адносінах незалежных назіральнікаў будуць ужытыя рэпрэсіі:
|
Якія наступствы можа мець электаральная кампаніяй без міжнароднага назірання назірання?
|
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
"Барані Божа, мяне пачнуць "скланяць", што мая група не прагаласавала". Галасаваць – права ці абавязак?
Юрыдычная служба "Вясны" разбіраецца, чым адрозніваецца свабоднае галасаванне ад абавязковага.