08.12.2023 Тэгі: палітвязні, культура, салідарнасць, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк Металічная арт-інсталяцыя “Нязломныя”, прысвечаная палітзняволеным правааабронцам "Вясны", адкрылася ў самым цэнтры Вільні — на Лукішскай плошчы.
Гэта выявы твараў пяці зняволеных праваабаронцаў “Вясны”— Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.
Прадстаўніца кампаніі #FreeViasna Марына Кастылянчанка нагадала, што інсталяцыя адкрываецца напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека, які прыпадае на 10 снежня.
"У гэтым годзе адзначаецца 75-годдзе з дня прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, — сказала Марына. — У ёй замацавана вельмі шмат важных арыентыраў для грамадства ў кожнай краіне, і ў першую чаргу свабода і роўнасць.
Беларусь была адной з тых краінаў Савецкага саюза, якая прымала удзел у галасаванні, але ўстрымалася. Праз 75 гадоў мы бачым, дзе зараз апынулася нашая краіна: яна патанула ў рэпрэсіях і свавольстве ўладаў, правы чалавека папіраюцца кожны дзень, на дадзены момант за кратамі знаходзіцца амаль 1500 палізняволеных, яшчэ тысячы спазналі крымінальны і адміністрацыйны пераслед, жорсткія затрыманні і катаванні. Сярод вялікай колькасці палітвязняў — пяць праваабаронцаў “Вясны”. Усе яны асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення выключна за сваю шматгадовую адданую прафесійную працу на карысць беларускага грамадства і дапамогу людзям.
10 снежня — быў заўсёды важным для праваабаронцаў, Алесь Бяляцкі разам з калегамі ў гэты дзень выходзіў у цэнтр Мінску, каб раздаваць Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і распавядаць мінакам, чаму яна важная для беларусаў.
Нам сёння вельмі важна тут у цэнтры Вільні нагадаць пра тое, што ў суседняй краіне за кратамі па сфабрыкаваных абвінавачваннях ўтрымліваюцца праваабаронцы. Мы назвалі нашую інсталяцыю “Нязломныя”, не толькі таму што для яе стварэння быў абраны металічны матэрыял. Але ў першую чаргу, таму, што мы верым: нашыя прынцыповыя калегі застаюцца цвёрдымі ў сваіх перакананнях, стойка вытрымліваюць усе выпрабаванні і захоўваюць у сваіх сэрцах прагу да свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека. Да той пары, пакуль нарэшце вясна не надыдзе і Беларусь не стане вольнай".
На адкрыцці арт-інсталяцыі выступіў і праваабронца "Вясны", былы палітзняволены Леанід Судаленка:
"Свой выступ я б хацеў пачаць словамі сусветна вядомага французскага філосафа Сімона, які казаў, што калі ад нацыі адняць 50 лепшых дактароў, 50 лепшых вучоных, 50 лепшых настаўнікаў, то нацыя будзе адкінутая на 100 год назад. Я наўмысна гэта кажу, таму што сёння ў нас забіраюць у Беларусі лепшых. Лепшыя — не тыя, хто ў балаклавах, сілавікі, якія нашых сяброў і сябровак кідаюць у турмы; лепшыя — не тыя, якія сядзяц у Драздах і праводзяць рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага грамадства, а лепшыя — гэта тыя, хто сядзіць зараз за кратамі, лепшыя — гэта мы. Я ўспоўніў словы нашага сябра і паплечніка, Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага, які казаў: "Сёння ў турме ўся Беларусь". І гэта так, таму што сядзяць палітыкі, сядзяць лідары прафсаюзныя, сядзяць журналісты, сядзяць палітолагі, менавіта самая лепшая частка грамадства сядзіць у турмах, і гэты канвеер рэпрэсіў, які пачаўся тры гады таму, не спыняецца да сённяшняга дня. У гэты час што мы можам зрабіць? Мы можам быць салідарнымі, бо салідарнасц — гэта тое, што ўлада не можа адняць. Салідарнасць не толькі з палітычнымі вязнямі — важна праяўляць салідарнасць з іх сем'ямі".
Арт-інсталяцыя будзе працягвацца на Лукішскай плошчы да восьмага студзеня 2024 года.
Крыніца: "Нязломныя". У цэнтры Вільні з’явіліся твары палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны"