12.12.2023 Тэгі: ААН, палітвязні, правы чалавека Камітэт па правах чалавека ААН прыняў 31 кастрычніка 2023 рашэнне (меркаванне) па скарзе палітзняволенага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі, прызнаўшы парушэнне яго права на свабоду, што гарантаванае артыкулам 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама КПЧ звярнуўся да дзяржавы з просьбай прыняць тэрміновыя меры для забеспячэння таго, каб жыццё, фізічны і маральны стан Віктара Бабарыкі не зведвалі небяспеку, а таксама забяспечыць яго камунікацыі з адвакатамі, членамі сям'і і медыцынскімі работнікамі.

Виктор Бабарико. Фото: dev.by
Віктар Бабарыка. Фота: dev.by

Меркаванні КПЧ апублікаваныя на сайце Ўпраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Камітэт накіраваў гэтае рашэнне дзяржаве Рэспублікі Беларусь і адвакатам Віктара Бабарыкі, якія ў Беларусі былі пазбаўленыя статусу ў сувязі з яго абаронай, але тым не менш прызнаюцца Камітэтам яго прадстаўнікамі ў гэтым міжнародным органе.

Меркаванні КПЧ прынятыя па скарзе, пададзенай абаронай 10 ліпеня 2020 года — непасрэдна пасля таго, як Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 і заключаны пад варту 20 чэрвеня 2020. Высновы камітэта тычацца гэтых падзей і даюць ацэнку дзеянням дзяржавы ў сувязі з пазбаўленнем Віктара Бабарыкі асабістай свабоды на першапачатковым этапе расследавання.

Камітэт па правах чалавека разгледзеў аргументы, прадстаўленыя ў скарзе, і пярэчанні ўрада, накіраваныя 24 ліпеня 2020 г. і 19 ліпеня 2021 г., і прыйшоў да высновы аб тым, што дзяржавай парушаныя гарантыі права на свабоду, вызначаныя пунктамі 1, 3 і 4 артыкула 9 Пакта.

Як парушэнне Камітэт кваліфікаваў той факт, што Віктар Бабарыка быў затрыманы і заключаны пад варту выключна на падставе падазрэнняў у здзяйсненні злачынстваў, за якія магло быць прызначана пазбаўленне волі тэрмінам ад двух гадоў. Пры гэтым не прымаліся пад увагу яго персанальныя абставіны: тое, што ён не быў асуджаны і пастаянна пражываў у Беларусі. Больш за тое, адзначае КПЧ, пачатак расследавання ў дачыненні да Віктара Бабарыкі быў абвешчаны 12 чэрвеня 2020 года, за шэсць дзён да яго затрымання; а раней, 4 чэрвеня 2020 года, за два тыдні да затрымання, Лукашэнка, які выступае на пасадзе прэзідэнта, публічна намякнуў на тое, што Бабарыка вінаваты ў махлярстве. Нягледзячы на гэтыя заявы, Віктар Бабарыка не паспрабаваў схавацца, а наадварот, заставаўся ў краіне і актыўна працягваў сваю выбарчую кампанію. У матэрыялах, прадстаўленых Камітэту, няма ніякай інфармацыі, што ён спрабаваў схавацца ці перашкодзіць следству. Таму ні на чым не заснаваныя гэтыя матывы заключэння пад варту, што прыводзяць нацыянальныя органы. Прычым, альтэрнатывы заключэння наогул не разглядаліся ў нацыянальнай юрысдыкцыі.

Акрамя гэтага, Камітэт узяў да ўвагі, што заключэнне пад варту адбылося за дзень да пачатку рэгістрацыі (падачы дакументаў у ЦВК) без відавочных матываў, і робіць выснову аб адсутнасці неабходнасці і справядлівасці такога затрымання, што кажа аб адвольным пазбаўленні волі ў парушэнне пунктаў 1 і 2 артыкула 9 Пакта.

Адносна працэдурных гарантый права на свабоду, Камітэт па правах чалавека адзначыў, што рашэнне аб заключэнні пад варту было прынята пракурорам, які не валодае судовай уладай у адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 9 Пакта. Парушэннем права на свабоду ў святле гэтага артыкула камітэт прызнаў таксама адсутнасць доступу да адвакатаў цягам больш за 24 гадзін пасля арышту і перашкоду канфідэнцыйным зносінам з адвакатамі на працягу тыдня пасля затрымання. Скаргі Віктара Бабарыкі ў суд на затрыманне і заключэнне пад варту, былі разгледжаны праз 5 і праз 9 дзён пасля іх падачы, што супярэчыць нават названым дзяржавай тэрмінам, што акрэсленыя заканадаўствам. Пры гэтым сам Віктар Бабарыка не заслухоўваўся судом у час разгляду скаргаў. Камітэт паказвае, што ён паўстаў перад судом толькі праз восем месяцаў пасля арышту, што несумяшчальна з патрабаваннем Пакта аб тым, што чалавек павінен быць дастаўлены да суддзі неадкладна пасля затрымання (па практыцы камітэта – не пазней, чым праз 48 гадзін).

Камітэт адзначае з занепакоенасцю, што абаронцы Віктара Бабарыкі былі абавязаныя даць падпіску аб неразгалошванні дадзеных расследавання, што стрымлівала іх ад магчымасці перадаць у КПЧ дакументы, якія адносяцца да затрымання і заключэння пад варту, і стварала перашкоды ў абароне ад парушэнняў артыкула 9 Пакта.У выніку, Камітэт па правах чалавека расцаніў усе названыя абставіны як парушэнне дзяржавай пунктаў 1, 3 і 4 артыкула 9 Пакта.

КПЧ нагадаў дзяржаве аб яе абавязальніцтвах забяспечыць эфектыўныя сродкі кампенсацыі шкоды ў сувязі з парушэннямі правоў Віктара Бабарыкі па Пакце. На дадзеным этапе КПЧ прызнаў такім сродкам поўную рэпарацыю, уключна з адэкватнай кампенсацыяй. Аб прынятых мерах дзяржава павінна паведаміць Камітэту на працягу 180 дзён, а таксама забяспечыць публікацыю і шырокае распаўсюджванне гэтага рашэння на дзяржаўнай мове.Аўтарамі скаргі таксама ставілася пытанне аб прызнанні затрымання і заключэння пад варту адвольнымі з прычыны таго, што гэтыя меры ўжываліся за рэалізацыю Віктарам Бабарыкам свабоды выказвання меркавання і права ўдзельнічаць у дзяржаўных справах. Камітэт па правах чалавека вырашыў даць ацэнку гэтым і іншым заявам — аб парушэнні права на справядлівы суд і аб дыскрымінацыі па матыву палітычных перакананняў – пры разглядзе другой скаргі, пададзенай у КПЧ ад імя Віктара Бабарыкі, дзе пазначаныя абставіны, якія наступілі пасля заключэння яго пад варту. Другая скарга зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека 9 траўня 2022 года.Таксама 16 лістапада 2023 года КПЧ звярнуўся да дзяржавы з просьбай прыняць тэрміновыя меры для забеспячэння таго, каб жыццё, фізічны і маральны стан Віктара Бабарыкі не падвяргаліся небяспецы, а таксама забяспечыць яго камунікацыі з адвакатамі, членамі сям'і і медыцынскімі работнікамі. Такое патрабаванне выказана Камітэтам па правах чалавека ў сувязі з вядомай інфармацыяй аб яго паступленні ў бальніцу горада Наваполацка з пнеўматораксам і слядамі пашкоджанняў, а таксама аб знаходжанні яго ў папраўчай калоніі № 1 Наваполацка без сувязі са знешнім светам з 6 лютага 2023 года.

"На ўсе абследаванні суправаджалі канваіры". З'явіліся падрабязнасці пра шпіталізацыю Віктара Бабарыкі напрыканцы красавіка

Чалавек, які атрымаў звесткі ад відавочцы падзей, якія разгортваліся ў шпіталі напрыканцы красавіка з Віктарам Бабарыкам, распавёў праваабаронцам "Вясны" падрабязнасці інцыдэнту.

Крыніца: Камітэт па правах чалавека прызнаў парушэнне права на свабоду Віктара Бабарыкі пры затрыманні