Рыгор Крывіцкі ў судзе. 16 траўня 2017 года па тэлефоне быў выкліканы ў Мазырскі РАУС, каардынатар па рэгіёну БНК, сябра Руху “За Свабоду” Рыгор Крывіцкі.

Капітан міліцыі Яўген Пузанаў склаў на пенсіянера Крывіцкага пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч.2, арт. 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Згодна з міліцэйскім пратаколам “Крывіцкі Р.Л., не маючы дазволу Мазырскага райвыканкама па яго звароце ад 7 сакавіка 2017 года аб правядзенні масавага мерапрыемства на пл. Леніна - вул. Савецкая, 35 у Мазыры, г.зн. з'яўляючыся арганізатарам масавага мерапрыемства, 18 сакавіка каля 14:00 гадзін на пл. Леніна па вул. Савецкая г. Мазыра шляхам пераканання непаўналетніх Сярдзюка Г., Ясюгені Р., Гырна К., Сельвіча А. да распаўсюду на тэрыторыі г. Мазыра прадстаўленых ім агітацыйных улётак з заклікам да ўдзелу грамадзян у масавым мерапрыемстве 26.03. 2017 года, якія дадзенымі непаўналетнімі былі распаўсюджаныя на тэрыторыі г. Мазыра, публічна заклікаў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве…”

Трэба адзначыць, што за правядзенне масавага мерапрыемства 26 сакавіка, на якое насамрэч падаваў заяўку Р. Крывіцкі ў Мазырскі райвыканкам і атрымаў адтуль адмову, ён ужо быў пакараны Мазырскім раёным судом 11 красавіка штрафам у 20 б.в.. (460 рублёў). Гэтае спагнанне ён аспрэчваў у Гомельскім абласным судзе, які адбыўся 12 траўня. На суд у Гомель Рыгор Крывіцкі не ездзіў. Пенсіянеру - 73 гады, ён з’яўляецца інвалідам 2-й групы, хварэе на сэрца і рашэнне Гомельскага суда ён пакуль не атрымаў.

Верагодна, новы суд павінен адбыцца цягам двух бліжэйшых дзён – 17 – 18 траўня.

Крыніца: Мазыр: Пенсіянера ізноў збіраюцца судзіць за ўдзел у акцыі пратэсту