12.12.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Беларускі саюз мастакоў ліквідаваў суполку "Пагоня"
Пра гэта паведамляе "Радыё Свабода" са спасылкай на "Позірк".
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з саюзу раней выключылі палітзняволенага Генадзя Драздова, які ўзначальваў суполку з 2011 па 2016 год.
Аб’яднанне было створанае 33 гады таму, у 1990 годзе. Яго мэтамі называлася "разьвіццё нацыянальнага мастацтва, зберажэнне і памнажэнне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны дзеля абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народу".
Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Царквы "Новае Жыццё"
Пра гэта 12 снежня паведаміла "Хрысціянская візія".
Царква "Новае жыццё" — гэта рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля. У пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі суполку ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, на што вернікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
12 снежня ў яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "Беларусы Батумі Белорусы Батуми", "КОТОС: мясцовае самакіраванне", "Окрестина задержанные", "Публічны чат – Народныя амбасады Беларусі", "Гільдыя Беларусаў";
- Сацсетки праекту "belonews";
- Старонка ў Facebook "Valery Tsepkalo".
ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за каментары ў Telegram-каналах
"Пакаяльнае" відэа з затрыманым з'явілася 12 снежня ў праўладным тэлеграм-канале.
Сцвярджаецца, што мужчына нібыта абражаў сілавікоў у "экстрэмісцкіх" Telegram-чатах.
У "спіс тэрарыстаў" унеслі яшчэ аднаго беларуса
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 12 снежня абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек.
Сярод іх чатыры грамадзяніна Гаіці, а таксама 31-гадовы беларус Міхаіл Бабошка. Паведамляецца, што ў дачыненні да яго ўступіў у сілу прысуд паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1150 чалавек, з іх 391 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1159 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Затрымалі студэнта гомельскага ўніверсітэта, які ладзіў беларускія імпрэзы
Пра гэта "Палескай Вясне" паведамілі аднакурснікі Кастуся Тэнца.
Затрыманне, імаверна, адбылося 8 снежня. Прычыны яго на гэты час невядомыя. Пры гэтым ужо пасля ягонага затрымання нехта заходзіў на ягоную старонку ў сацыяльнай сетцы Укантакце.
Кастусь родам з Рэчыцы. Яшчэ ў дзяцінстве быў вядомы там сваімі перамогамі ў розных відах спорту. У 2019 годзе зацікавіўся беларускай мовай. Наведваў курсы Мова Нанова ў Рэчыцы. Перайшоў сам на беларускую мову. Пасля паступіў у БелДУТ.
Як распавялі аднакурснікі Кастуся, ён часта ва ўніверсітэце ладзіў розныя акцыі для прапаганды беларускай мовы – віктарыны, дыскатэкі з беларускамоўнымі песнямі, экскурсіі ў адметныя беларускія месцы і ў родныя мясціны выбітных беларускіх дзеячоў.