13.12.2023 Тэгі: выбары-2024 На большасці афіцыйных сайтаў раённых выканаўчых камітэтаў Гарадзеншчыны апублікаваны рашэнні аб месцах, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў у Адзіны дзень галасавання. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае падрабязнасці.
На Астравеччыне, апрача 50-метровай зоны вакол будынкаў афіцыйных устаноў, вакзала, школ і бальніцы, забаронена пікетаванне побач з Інфармацыйным цэнтрам БелАЭС і на прымежнай чыгуначнай станцыі “Гудагай”. Асобна забаронена праводзіць пікеты ў зоне бяспекі з асаблівым прававым статусам на прылеглай да Беларускай атамнай станцыі тэрыторыі.
Самы лаяльны рэгіён на Гарадзеншчыне – гэта Бераставіца. Тут абмежаванняў меней чым у астатніх месцах. Гэта тэрыторыі вакол афіцыйных будынкаў, устаноў аховы здароўя і адукацыі і мясцовага аўтавакзала.
У Ваўкавыску збор подпісаў забаронена праводзіць апроч тэрыторыі афіцыйных устаноў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, на тэрыторыі аўта і чыгуначнага вакзалаў і на пешаходным мосце.
Улады Смаргоншчыны вылучылі нашмат больш жорсткія патрабаванні, забараніўшы дадаткова да стандартнага набору пікетаванне на галоўных вуліцах горада і цэнтральнай плошчы, у гарадскіх скверах і цэнтральным парку.
У Слонімскім раёне пад забарону патрапілі не толькі тэрыторыі каля будынкаў афіцыйных устаноў, вакзалаў, устаноў адукацыі, але і тэрыторыі, прылеглыя да практычна ўсіх гандлёвых аб'ектаў у горадзе і парковачных месцаў.
Шмат абмежаванняў для правядзення пікетаванняў пад час гэтай выбарчай кампаніі ўведзена ў Дзятлаўскім раёне. Тут дадаткова забароненае пікетавання каля тэрыторый усіх прадпрыемстваў горада, на парковачных месцах, прыпынках грамадскага транспарту, на праезных частках вуліц і дарог. Адзіны бонус – адлегласць да афіцыйных устаноў і прадпрыемстваў складае не 50 метраў, як гэта прадугледжваецца практычна ва ўсіх рашэннях райвыканкамаў, а ўсяго толькі 40.
Дагэтуль адпаведныя рашэнні мясцовых райвыканкамаў афіцыйна не апублікаваныя ў Мастах, Лідзе і на Шчучыншчыне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: Гарадзеншчына: асаблівасці пры вызначэнні месц, забароненых для правядзення пікетавання