13.12.2023 Тэгі: выбары-2024 У параўнанні з мінулай электаральнай кампаніяй 2020 года ў горадзе Брэсце практычна не змяніўся пералік месцаў, дзе  забаранілі збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў. Але ёсць нюанс...

Па-ранейшаму, пад абмежаванні патрапляе цэнтральная частка горада. Рашэннем Брэсцкага гарвыканкама ад 8 снежня забаронена арганізоўваць пікеты на галоўнай плошчы горада – плошчы Леніна, на ўчастку вуліцы Пушкінскай, які абмежаваны плошчай Леніна і вуліцай Карла Маркса, і на ўчастку вуліцы Леніна, абмежаваным вуліцай Міцкевіча і вуліцай Гогаля.

Як і паўсюдна, забаронена пікетаванне каля будынкаў усіх дзяржаўных і навучальных устаноў. Таксама забаронена збіраць подпісы на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, на вакзалах, станцыях, на галоўным аўтавакзале, побач з тэлерадыёкампаніяй "Брэст", каля тэрыторый вайсковых часцей і культавых будынкаў.

Аднак нельга не заўважыць важную акалічнасць пры вызначэнні ў гэтым годзе месцаў забарононеных для пікетавання. Калі ў 2020 годзе адлегласць да афіцыйных будынкаў і важных аб’ектаў складала 50 метраў, то сёлета яна павялічылася ўдвая і складае 100 метраў.

А забароненая для збору подпісаў тэрыторыя міжнароднага аўтадарожнага пункта пропуску «Брэст» увогуле складае 300 метраў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: У Брэсце тэрыторыя каля аб’ектаў, дзе забаронены збор подпісаў, складала 50 метраў, а стала 100