14.12.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-14 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі дзвюх супрацоўніц светлагорскага тэлеканала "Ранак", распачатая крымінальная справа

МУС сцвярджае, што аператыўнікі затрымалі дзвюх жыхарак Светлагорска — адной з іх 39 гадоў, другой — 41. Яшчэ адзін фігурант справы — 53-гадовы супрацоўнік — паспеў з'ехаць за мяжу.

Паведамляецца, што «саўдзельнікі ў 2020 годзе стварылі і адміністравалі групу ў Telegram. У ёй публікавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю, падрыхтоўку і ўчыненне масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу нашай краіны. Свае дэструктыўныя погляды яны прасоўвалі і праз інфармацыйныя рэсурсы тэлерадыёкампаніі».

Следчымі распачата крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Фігуранта справы “Рабочага руху” Уладзіміра Жураўку перавялі на турэмны рэжым

Уладзімір Жураўка — былы аператар дыстанцыйнага пульта кіравання цэху "Аміяк-3" на "Гродна Азот".

Яго затрымалі 18 верасня 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве),  арт. 188 КК (паклёп) і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). У лютым яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.

Тэрмін Жураўку накіравалі адбываць у бабруйскую калонію.

Па інфармацыі  MAYDAY TEAM, 16 лістапада ў Бабруйску адбыўся суд па справе аб замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня ў турму. Ён будзе адбываць тэрмін у магілёўскай турме № 4.

Падтрымайце палітвязня лістамі і паштоўкамі: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Уладзімір Іванавіч Жураўка.

У Гродне ліквідавалі яшчэ адну літоўскую арганізацыю — клуб "Гервячай"

Пазоўнікам выступіла Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя — Юрый Карэцкі.

Арганізацыя зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна. Раней арганізацыя арганізоўвала мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагала выдаваць кнігі, піша Hrodna.lifе.

У арганізацыі было 394 чальцоў. Мэты — супрацоўніцтва і ўмацаванне даверу і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Літвы, захаванне гістарычнай памяці і культуры. Яны адзначылі, што арганізацыя «падтрымлівае курс, які праводзіцца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь».

ГУБАЗіК за ўдзел у пратэстах затрымаў салігорца

У 2020-ым годзе яму было ўсяго 15 гадоў.

На «пакаяльным відэа» яго прымусілі «прызнацца» ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама ў напісанні каментароў у «экстрэмісцкіх» чатах.

На зямельны ўчастак Леаніда Судаленкі наклалі арышт

Падставай для такіх дзеянняў стала адкрыццё 1 лістапада чарговай крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага праваабаронцы Леаніда Судаленкі паводле арт. 361-4 КК («іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), піша «Гомельская Вясна».

Нагадаем, учора паведамлялася, што дома ў Судаленкі адбыўся ператрус.

У лістападзе 2021-га году Леаніда асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі Судаленку ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.

Крыніца: Крымінальная справа супраць супрацоўнікаў тэлеканала, ліквідацыя літоўскага клуба: хроніка пераследу 13-14 снежня