18.12.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-18 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Адбыўся ператрус у доме палітыка Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах

Паводле інфармацыі "Белсат", па стане на 18 снежня дзверы ў доме палітыка апламбаваныя. Пра прычыну ператрусу, ці пра тое, што на яго заведзеная крымінальная справа, Мілінкевіч не ведае.

Сам палітык знаходзіцца за мяжой.

Сілавікі затрымалі мінчука за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе

uladzislau-fedarovicz.jpg
Уладзіслаў Федаровіч

На "пакаяльным відэа", якое апбулікаваў 18 снежня праўладны тг-канал, затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у мітынгах і да гэтага часу не выдаліў фотаздымкі ў сацсетках.

Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Уладзіслаў Федаровіч.

ГУБАЗіК затрымаў хакейнага трэнера, які жартам напісаў у бацькоўскім чаце, што аддае перавагу прозвішчу Зяленскі

Мужчына — дзіцячы трэнер ХК "Лакаматыў-Орша", ён трэніруе дзяцей 2015 года нараджэння. На "пакаяльным відэа" 17 снежня ён кажа, што жартам напісаў, што аддае перавагу прозвішчу Зяленскі.

Праўладныя тэлеграм-каналы таксама апублікавалі каментар, да яго ўзніклі прэтэнзіі. З кантэксту вынікае, што гаворка ідзе пра прозвішча Лукашэнкі: "Прозвішча мне яго не цікавае. Зяленскі прыгожае прозвішча".

Прапагандысты паабяцалі таксама паскрадзіцца на мужчыну ў Федэрацыю хакея, каб "больш не дапускаць яго да трэнерскай дзейнасці".

На шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы адбыўся чарговы рэйд сілавікоў

Тэлеграм-каналу "Задержания, суды в Лиде" паступіла інфармацыя, што 15 снежня на шклозаводзе "Нёман" за падпіскі і лайкі затрымалі 8 чалавек.

У жніўні на шклозаводзе затрымалі не меней за 9 чалавек, у лістападзе — каля 10 чалавек.

Сілавікі затрымалі жыхара Гродна

"Пакаяльнае" відэа з затрыманым з'явілася 16 снежня ў праўладным тэлеграм-канале. У відэа мужчына кажа, што прымаў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту і распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы".

Крыніца: Новыя затрыманні і ператрусы: хроніка палітычнага пераследу 16-18 снежня