20.12.2023 У судзе Маскоўскага раёна Брэста 14 снежня асудзілі Ірыну Санкоўскую паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марыя Аліфярук прызначыла Ірыне адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяржабвінаваўцам выступіў памочнік пракурора Глеб Мельнікаў.

iryna-sankouskaja_1.jpg
Скрыншот з "пакаяльнага" відэа ў праўладным тэлеграм-канале. "Берасцейская Вясна" ідэнтыфікавала жанчыну на ім як Ірыну Санкоўскую

Як паведаміла "Берасцейская Вясна", Ірыну абвінавацілі ў тым, што яна пакінула каментары ў тэлеграм-чаце ў бок Лукашэнкі і Юрыя Караева, якія суд палічыў абразлівымі. Таксама жанчына апублікавала выяву чырвона-зялёнага сцяга, на фоне якога была выяўлена нацысцкая свастыка.

Пра сутнасць абвінавачванняў стала вядома з каменатара памочніка пракурора Глеба Мельнікава ў відэароліку на дзяржтэлебачанні ТРК Брэст. У ім жа паведамілі, што на момант вынясення прысуду жанчына мае 57 гадоў.

suddzja-maryja-alifjaruk_prakuror-hleb-m
Суддзя Марыя Аліфярук (злева) і памочнік пракурора Брэста Глеб Мельнікаў

Да суда Ірына знаходзілася пад вартай. Гэта вынікае з таго, што на відэа яна знаходзілася ў шкляной "клетцы". Таксама 15 верасня 2023 года праўладны тэлеграм-канал апублікаваў "пакаяльнае" відэа з жанчынай, якую "Берасцейская Вясна" відэнтыфікавала як Ірыну Санкоўскую.

Патрымайце зняволеную:

СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Санкоўская Ірына Георгіеўна

Крыніца: Жанчыну перадпенсійнага ўзросту асудзілі на паўтара года калоніі за каментары пра Лукашэнку і "здзек з дзяржаўных сімвалаў"