21.12.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, рэпрэсіі У лістападзе 2022 года суд Заводскага раёна Мінска асудзіў актывіста анархічнага руху Дзмітрыя Дубоўскага за падзеі 13-гадовай даўніны. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі ў Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. Паколькі раней мужчыну ўжо асудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Дзмітрыя асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. "Вясна" публікуе вытрымкі з прамовы палітвязня ад 24 лістапада 2022 года, якую апублікаваў тэлеграм-канал "Право на восстание".
- Дзмітрый Дубоўскі на судзе. Фота: sb.by
"Падчас судовага пасяджэння і папярэдняга расследавання мая віна па ўсіх эпізодах не даказаная"
"Я не буду падрабязна каментаваць эпізоды, што ставяцца мне ў віну. Лічу, што падчас судовага пасяджэння і папярэдняга расследавання мая віна па ўсіх эпізодах не даказаная. Усе паказанні сведак, дадзеныя супраць мяне іншымі фігурантамі справы, з'яўляюцца ілжывымі і не адпавядаюць рэчаіснасці.
І ўсё ж, карыстаючыся прадстаўленай магчымасцю і правам на гэта апошняе слова, выкажуся крыху пра гэты працэс, які я яшчэ ў самым пачатку ахарактарызаваў як бессэнсоўную і крывадушную працэдуру, а таксама выказаў жаданне адмовіцца ад удзелу ў судзе, бо не меў ілюзій датычна таго, што мая невінаватасць будзе тут разгледжаная.
У цяперашніх рэаліях беларускай дзяржавы бессэнсоўна спадзявацца і чакаць справядлівага суда. Бессэнсоўна тлумачыцца і нешта даказваць суду, якія з'яўляецца палітычна і юрыдычна залежным ад цяпер дзеючай і ў той жа час пагарджанай і адарванай ад грамадства ўлады. Той самай улады, якая ў сваіх спробах панаваць яшчэ трохі, абапіраецца на апарат пакарання (маю на ўвазе суды, турмы, сілавыя структуры і іншыя сістэмы гвалту), патрабуючы ад тых жа судоў паказальных "судзілішчаў" і абвінаваўчых прысудаў.
Гэта тлумачыцца зусім не так званай "няўхільнасцю пакарання", а ў першую чаргу палітычнымі рэпрэсіямі, мэтамі якіх з'яўляюцца спробы запалохаць людзей, знясіліць іх нервы, запалохаць фізічна і тым самым спыніць спробы народнага супраціву і барацьбы грамадзян за свае правы. Гэтая ўлада папросту баіцца сваіх грамадзян і справядлівай адплаты з іх боку.
Ад 18 да 20 гадоў: у Мінску вынеслі прысуды анарха-партызанам
"Абвінавачаныя тады анархісты панеслі пакаранне", — Зміцер пра падзеі 2010 года
"Калі ж казаць пра крывадушнасць суда, то яна палягае ў тым, што гэты суд наогул адбыўся праз дванаццаць гадоў і з улікам таго, што 27 траўня 2011 года гэты ж суд Заводскага раёна горада Мінска ўжо пазбаўляў волі траіх анархістаў, абвінаваціўшы іх у шэрагу эпізодаў з гэтай справы, што зноў разглядаецца.
Абвінавачаныя тады анархісты панеслі пакаранне і правялі дастатковы адрэзак свайго жыцця ў зняволенні. Здавалася б, гэтага павінна было хапіць для таго, каб паставіць кропку ў гэтай справе і не вяртацца да яе больш.
Крывадушнасці суду дадае яшчэ і той факт, што згодна з прысудам Мінскага абласнога суда, што дакладна так жа абслугоўвае і працуе ў інтарэсах рэжыму, я быў асуджаны да доўгага тэрміну — 18 гадоў пазбаўлення волі".
Вынесены прысуд палітвязню Дзмітрыю Дубоўскаму. Канчатковы тэрмін — 20 гадоў калоніі
"Я рады і ганаруся тым, што стаў удзельнікам грандыёзных падзей"
"Нягледзячы на ўвесь гэты сюррэалізм разам з тымі складанасцямі і ціскам унутры так званых папраўчых устаноў, я ўсё ж застаюся ўнутрана свабодным і верным сваім анархічным перакананням, асноватворнымі якіх для мяне з'яўляюцца: праўда, сумленне, справядлівасць! І ў сваіх учынках я заўсёды кіраваўся выключна гэтымі прынцыпамі.
Але гэта тое, што не зразумець і ніколі не адабраць заступнікам законаў у несправядлівай сістэме, якімі з'яўляюцца бок абвінавачвання і ўсякі суд у гэтай дзяржаве. Якім бы не быў ваш прысуд, я спакойны і шчаслівы ад таго, што апраўданы той часткай грамадства, з якой мы адзіныя ў жаданні стаць свабоднымі, пераўтварыць і паспрабаваць арганізаваць жыццё грамадства на сапраўды справядлівых пачатках, у параўнанні з тым, як яна ўладкаваная і выглядае цяпер.
Я таксама рады і ганаруся тым, што стаў удзельнікам грандыёзных падзей, што абавязкова ўвойдуць у гісторыю краіны як найвялікшае шэсце за свабодную Беларусь!"
"Беларусь будзе вольнай, а мы свабоднымі!"
"Я, як і многія іншыя анархісты, хацеў звярнуць увагу на сацыяльныя, эканамічныя і многія іншыя праблемы і беды ў краіне, у якой нарадзіўся і жыў. Я палічыў, што шлях барацьбы з аўтарытарнай сістэмай будзе правільным і нашмат больш сумленным і высакародным, прынамсі для мяне самога, чым усякае прытворства, пакорлівасць і абыякавасць да ўсяго таго, што адбываецца.
У барацьбе мы здабудзем права сваё!
Праўда за намі!
Увесь кашмар, які адбываецца, занадта недарэчны, каб працягвацца доўга.
Беларусь будзе вольнай, а мы свабоднымі!"
Падтрымайце Змітра лістамі салідарнасці, паштоўкамі і тэлеграмамі:
Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А
Дзмітрый Мікалаевіч Дубоўскі
Крыніца: "Я застаюся ўнутрана свабодным". Апублікавана апошняе слова палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага