22.12.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, валанцёры На тым тыдні супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі масава прыйшлі з ператрусамі і праверкамі да былых незалежных назіральнікаў і назіральніц на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе. У панядзелак, 11 снежня, прыйшлі таксама па месцы рэгістрацыі да 23-гадовага Арцёма Канановіча з Мінску. На прэзідэнцкіх выбарах ён назіраў ад "Таварыства беларускай мовы", але супрацоўнікаў КДБ цікавала сувязь з Праваабарончым цэнтрам "Вясна". Арцём распавёў пра гэта. 

Арцём Канановіч. Фота прадастаўлена героям
Арцём Канановіч. Фота прадастаўлена героям

Нагадаем, праваабаронцы паведамлялі, што ў былых назіральнікаў_ц правяраюць тэлефоны і папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". З імі таксама запісвалі "пакаяльныя відэа". Праваабаронцы расцэньваюць гэты чарговы напад на грамадзянскую супольнасць як помсту за актыўнасць усіх незалежных назіральнікаў на выбарах 2020 года. На цякучай электаральнай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвясцілі аб запуску менавіта экспертнай місіі па назіранні за выбарамі без разгортвання сеткі назіральнікаў.

Арцём Канановіч быў затрыманы цэнтральным апаратам КДБ у панядзелак 11 снежня, калі прыйшоў у госці да маці.

"Гэта адбылося ў абед. Я тады быў у гасцях у маці, уласна, па месцы сваёй рэгістрацыі. У кватэры няма званка, таму яны чакалі каля дзвярэй, калі хтосьці будзе заходзіць ці выходзіць. Так яны зайшлі з маці. Я гэтага не чакаў, таму не падрыхтаваўся: не выдаліў нейкія матэрыялы і не заблакаваў тэхніку. Прыйшлі два чалавекі ў цывільным – гэта былі оперупаўнаважаныя КДБ. Яны сказалі, што ім трэба правесці ператрус у межах крымінальнай справы за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса)".

Потым яны паклікалі суседзяў у якасці панятых. Супрацоўнікі адразу запыталі пра "забароненую сімволіку" дома. Але па факце гэта іх не цікавіла насамрэч. Яны прыйшлі за тэлефонам і кампутарам – я на стрэсе аддаў сваю асноўную тэхніку. Адразу ў ноўтбуку яны пачалі глядзець фота і запытваць, ці ўдзельнічаў я ў "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах". Мне здавалася, што я выдаліў усё, але не: захаваліся фота з акцый пратэсту. Падчас ператрусу яны заявілі, што нібыта маё імя ёсць у новых спісах "Вясны" на назіранне на новых выбарах. І гэта з'яўляецца падставай, чаму мяне правярае КДБ".

З 2016 года Арцём займаўся актывізмам: удзельнічаў у розных канферэнцыях, дэбатах, праграме ЗБС і г.д. У 2020 годзе мінчук раздаваў белыя бранзалеты салідарнасці па інтэрактыўнай карце. На прэзідэнцкіх выбарах мінчук назіраў за датэрміновым галасаваннем ад "Таварыства беларускай мовы". Але наўпрост перад выбарамі 8 жніўня яго затрымалі ў цэнтры Мінска і арыштавалі на сем сутак.

Цяпер – праз тры гады і пяць месяцаў – да Арцёма прыйшлі з ператрусам за незалежнае назіранне. Пастанова на гэта была падпісаная яшчэ 6 снежня 2023 года. У выніку ператрусу ў хлопца забралі тэлефон і ноўтбук – сказалі, што гэта літаральна на некалькі дзён. Хлопец адразу прадаставіў пароль толькі ад кампутара, а ад тэлефона – не. Верагодна таму яго забралі на допыт у КДБ.

"У мяне тады быў не лепшы псіхалагічны стан, але яны ўсё адно забралі мяне з сабой на допыт. У мяне было адчуванне, што я не кантралюю сітуацыю... Цяжка было адэкватна ўспрымаць тое, што адбываецца са мной".

Следчы па справе быў Азяўчыкаў Дзяніс Алегавіч (раней быў у Гомельскім абласным упраўленні СК, цяпер на павышэнні ў КДБ).

У цэнтральным будынку КДБ Арцёма дапытваў супрацоўнік, які праводзіў ператрус, а пратакол допыту вёў іншы, які ўжо быў у кабінеце.

"Гэта быў канец працоўнага дня. Яны сказалі, што калі буду паводзіць сябе з імі па-сяброўску, то паеду дадому. Таксама яны паказалі артыкул Крымінальнага кодэкса і сказалі, што я магу "ўехаць" па ёй ад двух да шасці гадоў, калі не буду з імі размаўляць. Але я не назваў бы абстаноўку нацягнутай, мяне хутчэй хацелі задобрыць: прапанавалі мне каву з цукеркамі, але пры гэтым спрабавалі дастаць з мяне як мага больш інфармацыі. Задавалі пытанні, як я звязаны з "Вясной" і з назіраннем. Запытвалі, ад каго я назіраў, як акрэдытоўвася, як забіраў накіраванне і гэтак далей. Супрацоўнікі заявілі мне, што "Вясна" атрымала новы грант, і КДБ трэба праверыць, ці сапраўды праваабаронцы працуюць ці выкарыстоўваюць старыя базы. Нібыта ў іх ёсць інфармацыя пра новае фінансаванне і ім трэба праверыць, наколькі якасна працуе "Вясна".

Супрацоўнікі КДБ сказалі Арцёму, калі ён не ўзгадае паролі, то ён не паездзе дадому.

"Мне прыйшлося ўзгадаць пароль. У тэлефоне яны знайшлі шмат кампраматуючай інфармацыі на мяне. Я дакараю сябе за гэта. Я выдаліў з гугл-воблака, але ў памяці тэлефона захаваліся фота. Напрыклад, як я раздаю белыя бранзалеты ў 2020-м. Я чакаў больш жорсткай рэакцыі на гэта ўсё, але яны былі спакойныя і прыязныя. Я ім спрабаваў казаць, што асабліва ні ў чым не ўдзельнічаў, але яны паказвалі фота з майго тэлефона, якое казала аб адвротным. Так што адмаўляць нешта было бессэнсоўна. Супрацоўнікі казалі, што нам важна давяраць адзін адному, і калі яны зразумеюць, што я хлушу ім, то яны і ставіцца да мяне адпаведна пачнуць. Казалі яшчэ нешта накшалт таго, што ў гэтым кабінеце сам за сябе і прасілі назваць імёны тых, хто са мной на фотаздымках з акцый пратэсту. Пра некаторых людзей мне прыйшлося распавесці – большасць з іх не ў Беларусі. Стараюся ўсіх папярэдзіць".

Допыт цягнуўся каля гадзіны-паўтары. У КДБ з Арцёмам запісалі "пакаяльнае" відэа:

"Мяне запэўнівалі, што гэта не "пакаяльнае" відэа, але па факце яно было гэткім. Там я кажу, што я быў назіральнікам у 2020-м, за ўдзел у "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах" адбыў адміністрацыйны арышт, з таго часу я больш ні ў чым не ўдзельнічаў, тое, што маё імя апынулася ў спісах "Вясны" мяне вельмі непакоіць і дастаўляе праблемы. Гэта такое відэа, дзе мне трэба было адмовіцца ад сувязяў з "Вясной". Яны мне загаддзя сказалі, што трэба сказаць, а ў мяне з імправізацыяй нядрэнна, таму запісалі ўсё з першага разу.

Мяне адпусцілі з пытаннем: "За каго галасаваў на папярэдніх выбарах?" У адказ я таксама запытаў: "А вы за каго?" Яны пасмяяліся. І разыйшліся на тым, каб я так больш не рабіў, так бы мовіць. Я зрабіўвыгляд, што выправіўся за гэты час".

Пасля размовы супрацоўнікі выйшлі з кабінету, нешта абмеркавалі і вярнуліся са словамі, што ад іх нічога не залежыць, але яны "скажуць начальству, што ён нармалёвы хлопец".

Таксама Арцёму далі падпісаць падпіску аб неразгалошванні, а таксама папрасілі напісаць паперу, што ён падтрымлівае дзеючую ўладу і не будзе ўдзельнічаць у ніякіх "фармаваннях". Пасля гэтага Арцёма адпусцілі. Вынятую тэхніку пакінулі ў сябе, але сказалі, што ён можа забраць яе праз пару дзён. У хуткім часе хлопец пакінуў Беларусь.

"Вельмі спадзяюся, што маё інтэрв'ю папярэдзіць іншых незалежных назіральнікаў і неяк дапаможа ім".

Крыніца: "Трэба праверыць, наколькі якасна працуе «Вясна»". Былы назіральнік на выбарах-2020 распавёў пра затрыманне КДБ