22.12.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, ціск, рэпрэсіі Ірына Сапрыгіна Праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра затрыманне 57-гадовай Ірыны Сапрыгінай. Гэта адбылося 30 кастрычніка 2023 года ў Мазыры, дзе яна жыве. Да жанчыны прыехалі людзі ў масках, правялі ператрус, а затым затрымалі яе па крымінальнай справе ў межах артыкула 368 КК (абраза Лукашэнкі). Спачатку Ірына знаходзілася ў ІЧУ на Акрэсціна некалькі дзён, затым яе перавялі ў Жодзіна, аднак цяпер месцазнаходжанне жанчыны невядомае: яе павінны былі перавесці ў СІЗА горада Гомеля, аднак там кажуць, што яе няма.

За час знаходжання на Акрэсціна Сапрыгіна двойчы перахварэла віруснымі захворваннямі, аднак не атрымлівала належнага лячэння.

Вядома, што Ірына Сапрыгіна ў апошні год знаходзілася дома, бо даглядала за сваёй 83-гадовай маці — ліквідатаркай ЧАЭС, што мае інваліднасць другой групы. Маці Сапрыгінай не можа заставацца адна з-за стану здароўя (яна невідушчая), а іншых сваякоў у яе няма. Тым не менш Ірыне не змянілі меру стрымання са змяшчэння пад варту на паручальніцтва. Вядома таксама, што да маці Сапрыгінай прыходзіў міліцыянт і пытаўся пра яе стаўленне да Украіны і Ізраіля.

Крыніца: Пыталіся пра стаўленне да Украіны і Ізраіля. Стала вядома пра затрыманне Ірыны Сапрыгінай