22.12.2023 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 Дзяніс Карась "Віцебская Вясна" паведамляе, што тры выбарчыя камісіі 15 снежня зарэгістравалі пяць ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Наваполацкага гарсавета. Яшчэ дзве ініцыятыўныя групы — па вылучэнні ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў,  адну — у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Згодна з графікам кампаніі, пачынаць рабіць гэта трэба было з 17 снежня.

З васьмі прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы шэсць сябраў Беларускай партыі «Белая Русь», два сябры Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і адзін — беспартыйны. Акруговая выбарчая камісія №24 па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты дзеючага дэпутата парламента Дзяніса Карася. Ён сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і адначасова старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі гэтай жа партыі, у якой налічваецца больш за 70 актыўных сябраў. Акрамя таго, Дзяніс — актывіст грамадскага аб`яднання "Белая Русь".

У абласны Савет вылучаюцца дзве жанчыны члены РП “Белая Русь”: дырэктарка мясцовай Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марыя Караваева і дырэктарка Наваполацкага дзяржвучылішча алімпійскага рэзерву Алена Саннікава.

Дэпутатамі Наваполацкага гарсавета маюць намер стаць сябры той жа партыі "Белая Русь": дзеючы старшыня Наваполацкага гарсавету Алег Буевіч, начальнік аддзела спорту і турызму гарвыканкаму Пётр Ражкоў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце завода "Палімір" Сяргей Брыкун і інжынер ААТ "Нафтан" Павел Марозаў. А таксама —  сябра РПТіС, старшыня цэхкама вытворчасці №1 ААТ «Нафтан» Дзяніс Красікаў і беспартыйны намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы ААТ «СМТ №16» Уладзіслаў Снігіроў.

Выбарчыя камісіі працягваюць сваю працу па рэгістрацыі ініцыятыўных груп уключна да 15 студзеня 2024 года.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: У Наваполацку выбарчыя камісіі пачалі рэгістрацыю ініцыятыўных груп на два дні раней, чым вызначана выбарчым кодэксам