23.12.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, рэпрэсіі У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22-23 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

На гэтым тыдні ў Мінску адбылося затрыманне наведвальнікаў "Вечара незнятага кіно"

Гаворка пра культурную падзею, якую 21 снежня ладзілі арганізатары фестывалю "Нефільтраванае кіно" ў мінскім чайным клубе на Гікала 7а-7. Па інфармацыі "Священный Белавуд", затрымалі некалькі чалавек.Затрыманым прысудзілі суткі арышту, яны знаходзяцца цяпер на Акрэсціна. У чым прычына арышту, і сілавікі з якога падраздзялення працавалі пакуль невядома. Пазней аўтары канала выдалі пост пра затрыманне людзей, патлумачыўшы гэта тым, "каб не ствараць людзям, якія і так знаходзяцца ў небяспецы, яшчэ горш".

Палітзняволенага блогера Паўла Вінаградава перавялі ў гродзенскую турму

Павел Вінаградаў

У судзе Ваўкавыскага раёна 6 снежня адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Мікалая Сяргейкі, Паўла перавялі на турэмны рэжым у Гродна. Пра гэта ў сваіх сацсетках распавяла ягоная жонка.

Нагадаем, Паўла затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня асудзілі да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні Павел перахварэў на сухоты.

Нядаўна стала вядома, што апошнія паўгода Вінаградава ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Падтрымайце Паўла: Турма № 1. 230023, Гродна, Кірава, 1, Павел Юр'евіч Вінаградаў

КДБ зможа складаць адміністрацыйныя пратаколы

Старшыня КДБ Іван Церцель падпісаў пастанову, якая дае спецслужбам новыя паўнамоцтвы. Цяпер супрацоўнікі КДБ змогуць складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і рыхтаваць такія справы да разгляду.

Гэта тычыцца пэўнага шэрагу артыкулаў. Сярод іх — 13.3 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), 19.10 (прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі), 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 19.13 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), 25.5 (адмова ці ўхіленне сведкі ці пацярпелага ад дачы тлумачэнняў), 26.3 (парушэнне абавязкаў па воінскім уліку) і шмат іншых.

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 13 чалавек — цяпер у ім 3641 прозвішча

22 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Сярод іншых, у спіс дадалі байкера Андрэя Іванюшына, аршанскага прадпрымальніка Аляксея Цыпілёва, асуджанага за грашовы перавод "Палку імя Кастуся Каліноўскага" Аляксандра Ганчарова.

Пастара ліквідаванай царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку выклікалі ў Следчы Камітэт

Пра гэта стала вядома ў Facebook. Пазней стала вядома, што ён выйшаў з допыту.

Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Царквы "Новае Жыццё" 12 снежня. Да гэтага Ганчарэнку неаднаразова затрымлівалі — яму прызначалі штрафы і суткі.

Крыніца: Хроніка рэпрэсій 22-23 снежня