23.12.2023 Тэгі: выбары-2024 Па стане на 23 снежня ў Мінскай вобласці зарэгістраваліся пакуль толькі восемь асобаў, якія прэтэндуюць на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў. Свае ініцыятыяўныя групы па зборы подпісаў вылучылі сябры партыі "Белая Русь" і беспартыйныя асобы ў сямі раёнах Міншыны. Распавядаем пра іх.
У дэпутаткі вырашыла пайсці міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, якая займае сваю пасаду з 2017 года. Тады яна працягнула "змаганне з «дармаедамі»", нягледзячы на тое, што ідэя выклікала масавыя акцыі пратэсту па ўсёй краіне. Так, былі сфармаваныя "базы дармаедаў", якія абнаўляюцца раз на квартал. На рахунку Касцевіч — рэпрэсіўныя змены ў Працоўны кодэкс, і гэтым яна дакладна запомніцца на пасадзе. Змены, якія яна падтрымала, дазваляюць прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасці супрацоўнікаў, а таксама адхіляць іх ад працы за "супрацьпраўныя дзеянні". Апроч таго, "у мэтах абароны нацбяспекі, грамадскага парадку, здароўя насельніцтва рэгулюцца пытанні правядзення забастовак". Цяпер на заканадаўчым узроўні нельга высоўваць палітычныя патрабаванні пры забастоўках. Гэта стала адказам на актыўнасць працоўных пасля выбараў-2020. Цяпер жа за заклік да забастоўкі пагражае не проста звальненне, але і крымінальная адказнасць. У парламенце яна выказалася фактычна пра "палітычныя чысткі":
"Падзеі 2020 года паказалі неабходнасць прыняцця дадатковых мер, у тым ліку і заканадаўчага плана па недапушчэнні пранікнення ў дзяржаўныя органы і арганізацыі дэструктыўна настроеных грамадзян, якія адкрыта выступаюць супраць палітычнага курсу нашай дзяржавы".
Нягледзячы на тое, што месцам жыхарства Касцевіч пазначаны Мінск, яна вылучаецца на Дзяржынскай выбарчай акрузе. Такая ж сітуацыя і з першай намесніцай старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Святланай Сакалоўскай. Яна жыве ў Мінску, але подпісы за яе будуць збіраць на Вілейскай выбарчай акрузе.
Па Салігорскай сельскай акрузе № 69 вылучаецца дырэктарка "Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Любанскага раёна" Аксана Ільковіч. Жанчына жыве ў Любані, у складзе партыі "Белая Русь".
На новы тэрмін сабраўся дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага і сябра партыі "Белая Русь" Аляксандр Шыпула. Вось тут можна паглядзець, за падрыхтоўку якіх законапраектаў ён быў адказаны. Дырэктар філіяла па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі "Бубны" "Мінгаза" Аляксей Раманюк зарэгістраваў ініцыятыўную групу па збору подпісаў на Вілейскай выбарчай акрузе № 74.
Зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па збору подпісаў ваенны камісар Смалявіцкага раёна і г. Жодзіна Юры Марэцкі. Ён быў дэпутатам Жодзінскага гарадскога савета дэпутатаў 27 і 28 скліканняў.
У дэпутаты вырашыў ісці намеснік камандуючага па ідэалагічнай рабоце і начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Ваенна-паветраных сілаў і войск супрацьпаветранай абароны Анатоль Булаўка. У дзяржаўных СМІ ён выказваецца, напрыклад пра "правакацыі NATO каля беларускай мяжы". Прозвішча Булаўкі патрапіла ў рэзалюцыю сейма Літоўскай Рэспублікі восенню 2020 года, дзе літоўскі парламент заклікаў мясцовы ўрад і краіны ЕС забараніць у тым ліку яму ўезд у Літву.
Таксама свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі дырэктарка Бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Алена Хіля — яна была дэпутаткай Мінскага раённы савета дэпутатаў 28 склікання. Жанчына вылучаецца ад новай партыі "Белая Русь".
Прапагандысты, экс-намеснік кіраўніка МУС, ідэолаг Лукашэнкі. Хто прэтэндуе на дэпутацтва ў парламенце ад Мінску