28.12.2023 2021 год стаў пераломным у дзейнасці праваабарончага цэнтра “Вясна”. Менавіта на гэты час прыйшоў пік рэпрэсій і пераследу грамадзянскай супольнасці і беларускіх абаронцаў правоў чалавека. Праз крымінальны пераслед, затрыманні, арышты, блакаванне інфармацыйных рэсурсаў сябры арганізацыі мусілі былі пакінуць Беларусь, аднак сваёй дзейнасці не спынілі: хутчэй наадварот – сталі яшчэ больш аддана служыць сваім праваабарончым ідэалам, абараняючы дзесяткі тысяч суайчыннікаў, якія падпалі пад пераслед. Дзейнасць “вясноўцаў” ва ўмовах выгнання не засталася без увагі сусветнай грамадскасці і міжнародных інстытутаў. Сёння прыводзім знакі прызнання працы Праваабарочага цэнтра “Вясна” і яе сябраў за апошнія тры гады.
2021 год
11 траўня 2021 года прэмія “Homo Homini” была ўручаная чатыром зняволеным сябрам “Вясны”— Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіца. Прэмію за іх з рук мэра Прагі Здэнека Гржыба атрымала сябра “Вясны” Наталля Сацункевіч (на фота).
Дарэчы, прэмію “Чалавек чалавеку” за 2005 год атрымаў і старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі. Прэмію ўручаў вядомы грамадзкі дзеяч і палітык Вацлаў Гавэл.
Прэмія “Чалавек чалавеку” (Homo Homini) заснаваная ў 1994 годзе чэшскай няўрадавай арганізацыяй "Чалавек у бядзе" (People in Need). Прысуджаецца асобам, якая ўнесла “значны ўклад у прасоўванне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных метадаў вырашэння грамадска-палітычных канфліктаў”.
Беларускі праваабарончы цэнтр "Вясна" атрымаў заахвочвальную прэмію імя Марыён Дзёнхаф (Marion Dönhoff) з грашовым эквівалентам у 20 тысяч еўра за выдатны ўклад у падтрымку дэмакратыі і абарону грамадзянскіх правоў. Пра рашэнне журы заснавальнікі прэміі паведамілі 26 ліпеня.
"Сваёй працай "Вясна" ўносіць важны ўклад у развіццё актыўнай грамадзянскай супольнасці, выказвае незадаволенасць і падтрымлівае тых, хто змагаецца за свабоду ў сваёй краіне. Без такіх арганізацый, як "Вясна", у Беларусі не было б надзеі на ліберальнае развіццё", - сказаў старшыня журы Маціяс Нас.
Прэмія імя вядомай нямецкай журналісткі Марыён Дзёнхаф уручаецца з 2003 года Фондам Zeit (Zeit-Stiftung), газетай Die Zeit і Фондам імя Марыён Дзёнхаф (Marion Dönhoff Stiftung). У 2010 годзе яе лаўрэатам стаў былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.
Прэмія “За абарону правоў чалавека-2021” Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) 9 снежня была прысуджаная беларускім юрыстам і адвакатам Леаніду Судаленку, Ліліі Уласавай, Максіму Знаку і Дзмітрыю Лаеўскаму.
Чатыры лаўрэаты Прэміі сталі ахвярамі судовага пераследу з-за іх законную дзейнасць у якасці юрыстаў і адвакатаў. Усім ім цяпер перашкаджаюць займацца сваёй прафесіяй: трое з іх знаходзяцца пад вартай, чацвёрты быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.
Раней прэмію “За абарону правоў чалавека” атрымліваў юрыст "Вясны" Павел Сапелка.
Савет адвакацкіх аб’яднанняў і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) – міжнародная некамерцыйная асацыяцыя, якая аб’ядноўвае калегіі адвакатаў і юрыдычныя супольнасці краін-сябраў, асацыяваных сябраў і краін-назіральнікаў.
У Міжнародны Дзень правоў чалавека 10 снежня, праваабаронцы назвалі імёны тых, чыя штодзённая праца прымушае верыць: праўда і справядлівасць абавязкова перамогуць.
Пераможцай намінацыі “Праваабаронца года” названая Марфа Рабкова – зняволеная каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны».
Нацыянальная прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008-м годзе “Праваабарончым альянсам”, а з 2011 года прэмія прадстаўляе інтарэсы і меркаванне ўсей беларускай праваабарончай супольнасці.
10 снежня Праваабарончы цэнтр "Вясна" стаў лаўрэатам прэміі Міністэрства замежных спраў Польшчы "За чалавечую годнасць" (Pro Dignitate Humana).
Уручаючы ўзнагароду, міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў падкрэсліў, што Польшча падтрымлівае беларускае грамадства ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю, і падзякаваў супрацоўнікаў «Вясны», дзякуючы якім свет даведаецца пра жорсткія рэпрэсіі і пераслед грамадзян, якія адбываюцца ў Беларусі.
Першым лаўрэатам прэміі ў 2011 года стаў старшыня Праваабарончага цэнтру Алесь Бяляцкі.
Прэмія Pro Dignitate Humana пачынаючы з 2011 года прысуджаецца асобе ці няўрадавай арганізацыі за самаадданыя і бескампрамісныя намаганні па абароне правоў тых, хто падвяргаецца пераследам або рэпрэсіям.
Крыніца: Узнагароды вясны ў выгнанні