29.12.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынесеныя прысуды эканамістцы Святлане Крывіцкай і бухгалтарцы Надзеі Бедунька, якіх абвінавацілі ва ўдзелах у масавых акцыях пратэсту і нядзельных маршах увосень 2020 года.
Справу разглядаў суддзя Андрэй Млечка.
Да суда абедзве жанчыны знаходзіліся на волі, пад закладам.
Па матэрыялах абвінавачання, Святлана Крывіцкая, папярэдне дамовіўшыся з Бядунька, прыняла ўдзел у нядзельным маршы ў Мінску, пры гэтым “знаходзілася і рухалася па праезнай частцы праспекта Незалежнасці, непадпарадкоўвалася законным патрабаванням міліцыі, блакавала і заступала шлях транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту, прычыніўшы яму матэрыяльны ўрон на суму 5 980 рублёў".
Такіх эпізодаў у справе чатыры, а канчатковая сума нанесенага ёй і іншымі ўдзельнікамі акцый пратэсту склала 85 000 рублёў.
Надзея Бядунька вышла на марш пратэсту ўсяго толькі аднойчы, прычыніўшы "шкоду" на 7 580 рублёў.
Суд прызнаў 17 лістапада жанчын вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч. 1 арт. 342 КК) і прызначыў пакаранні: Святлане Крывіцкай – тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, Надзеі Бядунька – два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Крыніца: У Мінску “хатняй хіміяй” за ўдзел у акцыях пратэсту пакаралі эканамістку і бухгалтарку