29.12.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28-29 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі беларуса, які вярнуўся ў краіну на святы
Праўладны тэлеграм-канал паведаміў 29 снежня, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Ён больш за год жыве ў Польшчы, а на святы вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У "пакаяльным" відэа мужчына называе сваё імя — Станіслаў Ігаравіч.
Затрыманы каталіцкі вернік Арцём Кабылкоў
У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з затрыманым. Сілавікі не змаглі зняць з ім «пакаяльнае» відэа, бо мужчына адмовіўся каментаваць свае дзеянні на камеру.
Арцём Кабылкоў паходзіць з Ульскай парафіі, з'яўляецца актыўным вернікам, ходзіць у пілігрымкі, быў членам моладзевага душпастырства і пэўны час навучаўся ў Пінскай духоўнай семінарыі. Хлопец жыў у невялічкай вёсачцы ў Віцебскай вобласці, паведаміла 29 снежня "Хрысціянская візія".
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 13 чалавек — цяпер у ім 3654 прозвішчы
29 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі Сняжану Цадаву — жанчыну, якая выклала ў TikTok відэа інцыдэнта супрацоўніка ДАІ і сваёй дачкі.
"Раварысты выношвалі і абмяркоўвалі планы па звяржэнні ўлады". Сілавікі пацвердзілі аблаву на дзясяткі чалавек у Наваполацку
У Наваполацку і Полацку затрымалі больш за 30 чалавек, звязаных з чатам аматараў велапрабегаў, расказалі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
"На жаль, назіраецца негатыўная тэндэнцыя ўступлення ў закрытыя, невядомыя чаты. Як паказвае практыка, мэта стварэння такіх суполак нясе дэструктыўны характар. З прыкладаў — чат аматараў велапрабегаў. У дадзеным чаце пачалі публікаваць розныя заклікі да выхаду на несанкцыянаваныя мерапрыемствы.
Як следства, гэты чат ператварыўся ў супольнасць, у якой выношвалі і абмяркоўвалі планы па звяржэнні дзейнай улады неканстытуцыйным шляхам. З гэтай нагоды праваахоўнымі органамі было затрымана больш за 30 чалавек", — паведамілі ў прапагандысцім рэпартажы.
У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні" — Facebook-суполка "Письма Солидарности Беларусь 2020" і платформа "Новая Беларусь"
Адпаведныя рашэнні прынятыя КДБ 26 снежня.
Асобна пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненні да ініцыятываў:
- "Письма Солидарности Беларусь 2020": Касінерава Марына Сяргееўна, Дзяшук Іван Іванавіч, Малец Наталля Альбертаўна, Пагадаева Ірына Анатольеўна.
- "Новая Беларусь": Лібер Павел Іванавіч, Ліхачэўскі Яраслаў Аляксандравіч.
Палітвязня Ігара Аліневіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА
Паводле інфармацыі тг-канала "Право на восстание", у снежні Ігара закідвалі ў штрафны ізалятар. Прычыны і тэрмін невядомыя.
Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жадзіна. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.
Падтрымайце Ігара лістамі, тэлеграмамі і паштоўкамі: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу
ГУБАЗіК затрымаў беларуса за "фэйк аб марадзёрстве вагнераўцаў"
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына нібыта "вырашыў запусціць фэйк аб тым, што ў Асіповічах вайскоўцы ПВК "Вагнер" марадзёрствуюць, крадуць і ўвогуле трымаюць у страху ўвесь горад".
Паведамляецца, што затрыманаму больш за 60 гадоў.
Гомельскі блогер Максім Філіповіч, верагодна, трапіў на суткі
Праваабаронцам "Гомельскай Вясны" 28 снежня стала вядома, што над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Нагадаем, у 2017 годзе Філіповіч стаў вядомы падчас пратэстаў супраць закону "аб дармаедстве". Але неўзабаве пасля гэтага стаў выступаць з крытыкай пратэсту і дэмакратычных сілаў. Падчас расейскага ўварвання ва Украіну блогер падтрымаў Расію.
У Гомелі за "здраду дзяржаве" затрымалі цэлую сям'ю
Як паведаміла "Гомельская Вясна" 28 снежня, маці, бацька і двое іх дзяцей знаходзяцца ў гомельскім СІЗА № 3.
Гэта сужэнцы Прохаравы Васіль Васільевіч (працаўнік будоўлі) і Ларыса Іванаўна (санітарка ў ГГКБ №3), а таксама іх дзеці Анастасія (медсястра ў абласной лякарні) і Павал (працаўнік будоўлі).
Сямейству ставяць у віну арт. 356 КК РБ (здрада дзяржаве). Што такога сямʼя зрабіла, каб кожнага з іх абвінавацілі па такім сурʼёзным артыкуле – невядома. Кожнаму з іх пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Крыніца: Аблава на раварыстаў, абнаўленне спіса "экстрэмістаў": хроніка пераследу 28-29 снежня