29.12.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, заявы Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

29 снежня 2023 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:

  1. Уладзімір Гусеў асуджаны па арт. 369 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны ў папраўчую ўстанову;
  2. Аляксандр Масевіч асуджаны па арт. 361, 367, 368, 361-4 КК па абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый), паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразе, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Юрый Альхавік змешчаны пад варту па арт. 361 КК па абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый);
  4. Ірына Санкоўская асуджана па арт. 368, 369, 370 КК па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, зняваге дзяржаўных сімвалаў да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Уладзімір Лук’янчук асуджаны па арт. 368 КК па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Максім Кронда асуджаны па арт. 368 КК па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Андрэй Алешчык асуджаны па арт. 367, 368 КК па абвінавачванні ў паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразе да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Віктар Мелехаў асуджаны па арт. 369 і ч. 1 арт. 328 КК па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка улады і захоўванні невялікай колькасці наркатычных сродкаў для ўласнага спажывання да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  9. Павел Пашукевіч асуджаны па арт. 367 КК па абвінавачванні ў паклёпе на А. Лукашэнку да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  10. Юрый Шчарбак асуджаны па арт. 367, 368 КК па абвінавачванні ў паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразе да аднаго года 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  11. Павел Нядзелін асуджаны па арт. 368, 369, 391 КК па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  12. Ілля Курапаткін асуджаны па арт. 368 КК па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны ў папраўчую ўстанову;
  13. Дзмітрый Казакоў асуджаны па арт. 368, 369 КК па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны ў папраўчую ўстанову;
  14. Ганна Стражэвіч затрымана па арт. 368, 369 па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі і супрацоўніка міліцыі. 

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітвязняўУладзіміра Гусева, Аляксандра Масевіча, Юрыя Альхавіка, Ірыну Санкоўскую, Уладзіміра Лук’янчука, Максіма Кронду, Андрэя Алешчыка, Віктара Мелехава, Паўла Пашукевіча, Юрыя Шчарбака, Паўла Нядзеліна, Іллю Курапаткіна, Дзмітрыя Казакова, Ганну Стражэвіч і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх;
  • прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Human Constanta; 

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Крыніца: Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі