02.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі У Мінскім абласным судзе 15 снежня былому вайскоўцу Паўлу Кучынскаму прызначылі 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Працэс вёў суддзя Аляксандр Рыбакоў. Паўла прызналі вінаватым паводле сямі крымінальных артыкулаў — сярод іх "здрада дзяржаве", "акт тэрарызму", "стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй". Летась арганізацыя сілавікоў Беларусі BYPOL пісала, што яго пад катаваннямі прымусілі ўдзельнічаць у правакацыі супраць іх.
Паўла Кучынскага затрымалі прыкладна напачатку верасня 2022 года. Тады арганізацыя BYPOL пісала, што Кучынскі быў затрыманы ў сувязі з верагодным дачыненнем да справы "інкасатараў":
"Спецслужбы пад катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі BYPOL і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксавалася".
Паўлу выставілі абвінавачванні паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 356 — "Здрада дзяржаве";
- ч. 2 арт. 295-3 — "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў";
- ч. 2 арт. 290-5 — "Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі";
- ч. 4 арт. 295 — "Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў";
- ч. 2 арт. 290-4 — "Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй";
- ч. 3 арт. 289 — "Акт тэрарызму";
- ч. 1 арт. 309 — "Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту".
Працэс над ім распачаўся 4 кастрычніка ў Мінскім абласным судзе. Суддзём па справе быў прызначаны Аляксандр Рыбакоў — былы старшыня суда Лагойскага раёна. Менавіта ён у 2021 годзе вёў першы суд па "справе Ціханоўскага".
15 снежня Кучынскаму вынеслі прысуд — 19 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Калі вам вядомыя падрабязнасці гэтай справы ці інфармацыя пра Паўла — калі ласка, напішыце на тэлеграм-акаўнт @Viasnainfo.
Крыніца: Былога вайскоўца Паўла Кучынскага асудзілі да 19 гадоў зняволення