03.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, свабода слова, затрыманні У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3 студзеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Улады пазбавілі БАЖ даменнага імя і пошты
3 студзеня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі ажыцявіў рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя Baj.by яго ўласніку нібыта ў сувязі з выяўленымі парушэннямі.
"У пазбаўленні даменнага імя мы бачым нішто іншае, як рабаўніцтва. Акрамя абуральнага факту парушэння права на свабоду выказвання, беларускія ўлады парушылі яшчэ адно фундаментальная права — права на ўласнасць," — каментуе сітуацыю намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
БАЖ будзе звяртацца ў ICANN.
Гомельскую айцішніцу затрымалі за $80 данатаў
Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні жыхаркі Гомеля. На скрыншотах з яе акаўнта ў фэйсбуку відаць, што дзяўчына зрабіла тры плацяжы на агульную суму $80. Сярод іншага, дэманструюцца падпіскі на "Хартыю'97" і "Люстэрка".
Паводле інфармацыі @nashaniva, гаворка пра Вольгу Бражэвіч — найхутчэй, дзяўчыну затрымалі пры вяртанні ў Беларусь, бо яе акаўнт у фэйсбуку (цяпер закрыты) быў зусім непачышчаны.
Па словах сілавікоў, цяпер Вольга знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання і вырашаецца пытанне аб тым, да якой адказнасці яе прыцягнуць.
Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі
Пра гэта "Свабодзе" расказала сваячка палітвязня:
"Загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі. Разлічвалі, што яшчэ на Раство атрымае, але ўжо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда".
Паводле сваячкі, 30 снежня Мікалай коратка тэлефанаваў некалькім сваякам:
"Усіх павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Голас быў бадзёры, сказаў пра сябе, што са здароўем у яго збольшага нармальна. Пра бандэроль сказаў, што яму дазволена адна на год, але дагэтуль нічога не атрымаў: "А сам ад бандэролі ніколі не адмаўляюся".
7 студзеня Мікалаю споўніцца 61 год.
Павіншаваць Аўтуховіча са святамі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Мікалай Мікалаевіч Аўтуховіч.
За падпіску на чатыры "экстрэмісцкія" каналы аштрафавалі выхавальніцу
Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 28 лістапада пакарала штрафам у памеры 555 рублёў выхавальніцу карэкцыйна-развіваючага цэнтра Наталлю Сідлярэвіч.
У пратаколе аб адміністрацыйным парушэнні, які паступіў у суд з мясцовага аддзялення міліцыі, запісана тое, што жанчына ў «Аднакласніках» была падпісаная на суполкі «Белсат», «TUT.ВY», «МАЯ КРАІНА ВОЛЬНАЯ ВЯЛІКАЯ ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ!», а таксама на тelegram-канал «SYMBAL.ВY».
У судовым пасяджэнні Наталля віну прызнала, шчыра раскаялася. Гэта паслужыла для суддзі Максімовіч дастатковым, каб прымяніць у дачыненні да «правапарушальніцы» адносна мяккае пакаранне — штраф у памеры 15 базавых велічынь, а таксама канфіскцыя мабільнага тэлефона «IPhone 4S».
Крыніца: Затрыманне за данаты, пазбаўленне БАЖ даменнага імя: хроніка пераследу 1-3 студзеня