05.01.2024 Тэгі: рэпрэсіі, экстрэмізм, зборныя матэрыялы Агулам за 2023 год беларускія суды прынялі 888 рашэнняў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі, сімволікі, атрыбутыкі, друкаваных і кніжных выданняў "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Гэта як сайты і сацсеткі незалежных СМІ, арганізацый, буйныя тэлеграм-каналы, так і асабістыя старонкі ў сацсетках. Напрыканцы года ў "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" былі ўнесеныя антысеміцкая кніга "Нет плохих народов", сацсеткі вядомага ксяндза Вячаслава Барка, шэраг паштовых адпраўленняў з "бел-чырвона-белымі палоскамі і вершнікам на кані". Цяпер за іх выраб, распаўсюд і захоўванне з мэтай распасюду — то бок перасылы, рэпосты і падпіскі ў некаторых сацсетках — у Беларусі пагражае адміністрацыйныя адказнасць ажно да арышту. У 2023 годзе паводле арт. 19.11 КаАП былі рэпрэсаваныя мінімум 2791 чалавек (гэта лічба можа быць значна большай). "Вясна" распавядае пра пераслед у 2023 годзе за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", а таксама ўзгадвае самыя дзіўныя і недарэчныя "экстрэмісцкія матэрыялы", у якіх рэжым Лукашэнкі пабачыў пагрозу для сябе.
"Універсальны інструмент адвольных рэпрэсій"
Нагадваем, за рэпосты, перасылы ў асабістыя паведамленні, падпіскі ў сацсетках, дзе падпіскі бачны іншым падпісчыкам, матэрыялаў, якія ўнесены ў "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" прадугледжана адміністрацыйная адказнасць паводле арт. 19.11 КаАП.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", агулам да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП у 2023 годзе было прыцягнута мінімум 2791 чалавек. Гэта лічба няпоўная і можа быць значна большай. З іх было арыштавана за "экстрэмісцкія" матэрыялы мінімум 342 чалавекі агулам на 6 548 сутак. Аштрафана было мінімум 254 чалавекі агулам на 10 019 базавых велічыняў (370 703 рублёў або 112 260 даляраў). Часта ў якасці пакарання выкарыстоўваецца таксама канфіскацыя сродку правапарушэння — тэлефона або кампутара.
Так выглядае прыкладная мапа пераследу паводле арт. 19.11 КаАП у 2023 годзе:
Вясной 2023 года праваабаронцы "Вясны" падрыхтавалі даклад "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам", дзе таксама ўзнялі тэму пераследу за "экстрэмісцкія матэрыялы".
"Абвінавачванні паводле арт. 19.11 КаАП зрабіліся ўніверсальным інструментам адвольных рэпрэсій, у тым ліку ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які нярэдка ўжываецца некалькі разоў запар за, напрыклад, некалькі выяўленых матэрыялаў у сацыяльных сетках. Акрамя таго, судамі паўсюдна ўжываецца прыцягненне да адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП у дачыненні да інфармацыйных матэрыялаў, якія захоўваюцца і не дэманструюцца публічна, і прызнаныя экстрэмісцкімі. Прыкмета "з мэтай распаўсюду" інкрымінуецца тады без аб'ектыўных падставаў, што дадае адвольнасці такім абмежаванням, — адзначылі ў дакладзе юрысты.
Чытаць даклад цалкам
У 2023 годзе суды Беларусі прынялі 888 рашэнняў аб унясенні інфармацыйнай прадукцыі ў "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў". Для параўнання: у 2022 годзе суды прынялі 637 рашэнняў аб прызнанні матэрыялаў "экстрэмісцкімі". Рэкардсменам у 2023 годзе з'яўляецца суд Чыгуначнага раёна Гомеля — адразу аднымі рашэннямі ён прызнаваў "экстрэмісцкімі" 105 і 89 старонак у інтэрнеце. Так было прызанана тысячы "экстрэмісцкіх матэрыялаў" за год. Сярод іх — 22 кнігі, дзве "раёнкі", шэсць песен, два кліпа і адзін тэкст песні, сем сцікер-пакаў і сотні Telegram-каналаў, -чатаў, старонак у сацсетках.
Першым у 2023 годзе "экстрэмісцкім" прызналі Telegram-канал з назвай "Правовой Могилёв". Гэта адбылося 3 студзеня па рашэнні суда Ленінскага раёна Магілёва. Скончыў год у спісе суд Пухавіцкага раёна 28 снежня — ён прызнаў "экстрэмісцкім" TikTok "TOK | TALK".
А цяпер праваабаронцы ўзгадваюць самыя абсурдныя "экстрэмісцкія матэрыялы" ў 2023 годзе.
Кліп і тэкст песні "Экстрэміст" гурта "Дай Дарогу"
Музыка з Брэста Юры Стыльскі сімвалічна спявае пра затрыманне за лайк на "экстрэмісцкім" TUT.BY і іранічна адзначае: "И теперь я мамкин экстремист". У апісанні кліпа напісана: "Для ўсіх смелых беларусаў, якія нягледзячы на дзікую машыну рэпрэсій не пабаяліся адстойваць сваё права на свабоду і працягвае змагацца".
Рашэнне аб прызнанні відэакліпа і тэкста песні (але не самой песні!) "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прыняў суд Ленінскага раёну Брэста 8 лютага.
Песні і кліпы беларускіх гуртоў
Наогул 2023 год стаў годам "экстрэмісцкіх" песен. 11 красавіка гэткімі былі прызнаныя тры песні гурта з Гомеля "Дети Хрущёвок" — "2020"; "Таракан (Демо)"; "Папицот". Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Акрамя песен, "экстрэмісцкімі" прызналі суполку "ВКонтакте", Youtube-канал, старонка ў Instagram "Дети Хрущевок". Таксама ў спіс патрапіла і асабістая старонка "ВКонтакте" лідара гурта Яна Дворака. Напачатку траўня ўдзельнікаў гурта затрымалі і арыштавалі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд" уласных песен.
Гісторыю пераследа лідар гурта распавёў "Вясне":
Лідар гурта "Дети хрущёвок", песні якога прызналі "экстрэмісцкімі", распавёў пра пераслед за сваю творчасць
Такая ж гісторыя адбылася і з жлобінскім гуртом FaceOFF. Суд Цэнтральнага раёну Мінска 25 траўня прызнаў "экстрэмісцкімі" іх песні "Пора", "Стражи галактики", "Ненависть" і "Вясна". Удзельнікаў гурта адправілі за іх за краты.
Таксама ў 2023 годзе "экстрэмісцкімі" былі прызнаныя відэакліп "Sumarok — Чэрцi", сайт і сацсеткі беларускага рэпера з Баранавіч, які ў 2020-м пераехаў у Польшчу і стварыў гурт "Тяпин CREW", тэлеграм‑канал беларускага культавага музыкі Лявона Вольского.
Нагадаем, у 2022 годзе "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызналі сацсеткі і песні гурта TOR BAND, чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Пазней іх прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а трох музыкаў асудзілі на тэрміны ад 7,5 да 9 гадоў калоніі.
Адно паведамленне ў чаце з часоў пратэстаў у Беларусі
6 студзеня 2023 году суд Дзяржынскага раёна прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" інфармацыйную прадукцыю, размешчаную 14 жніўня 2020 году карыстальнікам "Даша" ў тэлеграм-чаце "Попутчики Дзержинска, Фаниполя". Гэта адбылося праз 2,5 гады. Гаворка ідзе пра рэпост паведамлення з анонсам мірнай акцыі пратэсту.
Кнігі Бахарэвіча, Геніюш і Некляева
Агулам у 2023 годзе "экстрэмісцкімі" былі прызнаныя 20 кніг. Сярод іх — "Апошняя кнiга пана А" сучасніка Альгерда Бахарэвіча (Прага-Мiнск "Вясна" — "Янушкевiч"). Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 6 сакавіка 2023 года.
15 жніўня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі ажно чатыры кнігі з серыі "Беларускі кнігазбор". У "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" уключылі кнігі Ларысы Геніюш, Уладзіміра Некляева, Лідзіі Арабей і Наталлі Арсенневай.
Таксама суды ў 2023 годзе прызнавалі "экстрэмісцкімі" друкаваныя выданні. Так, напрыклад, "экстрэмісцкім" быў прызнаны зборнік патрыятычных польскіх песен на польскай мове "Polskie piesni patriotyczne", якія былі выдадзены ў 2007 годзе ў Варшаве. Такое рашэнне прыняў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч 25 траўня 2023 года.
Зборнік твораў першага класіка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча
Суд Жыткавіцкага раёну 8 лістапада прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі:
- Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесцi i апавяданнi / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. I камент. Я.Янушкевiча. – Мiнск: Маст. лiт., 2007. – 494 с.: [16] л. iл.;
- Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершаваныя аповесцi i апавяданнi, вершы, публiцыстыка, лiсты i пасланнi, пераклады, Dubia / Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., пер/ Я.Янушкевiча. – Мiнск: Маст. лiт., 2008. – 598 с.: [16] л. iл.
У жніўні "экстрэмісцкімі" прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання творчаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і вершы Дуніна-Марцінкевіча "Плывуць вятры" і "Гутарка старога дзеда" ад 1861 года.
Вінцээнт Дунін-Марцінкевіч — беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, лічыцца першым класікам новай беларускай літаратуры.
Каляндар "Не маўчы па-беларуску 2021 з малюнкамi i словамi"
Гэта адбылося 6 сакавіка па рашэнні суда Цэнтральнага раёна Мінска.
Каляндар "Не маўчы па-беларуску" ад грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" выдаваўся з 2014 года і некалькі разоў перавыдаваўся. Ён стаў адным з самых паспяховых і запатрабаваных беларускамоўных выданняў за апошнія гады. Каляндар праілюстраваны арыгінальнымі малюнкамі на кожны дзень, якія дапамагаюць запамінаць адметныя беларускія словы. Дызайнер календара Анатоль Лазар быў затрыманы ў верасні 2022 года. Ён адбыў арышт у 13 сутак па адміністрацыйнай справе за "хуліганства". Праз некаторы час пасля арышту Анатоль Лазар з'ехаў за мяжу.
Дзве незалежныя "раёнкі"
Газета "Iнфа-Кур’ер" са Случчыны была прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі" 5 красавіка 2023 года рашэннем суда Партызанскага раёна Мінска. На тыдзень раней "экстрэмісцкімі" прызналі шэсць матэрыялаў слуцкай газеты аб падзеях 2020 года. Перад гэтым сілавікі прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю і арыштавалі галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча і двух супрацоўнікаў выдання. Яны выйшлі пасля "сутак", а рэдакцыя абвясціла аб вымушанай спыненні працы.
"Рэдакцыя больш не зможа, на вялікі жаль, парадаваць вас цікавымі і карыснымі матэрыяламі, парадавацца вашым поспехам, паспрабаваць разам знайсці рашэнні тых праблем, з якімі вы сутыкаецеся". Будзе спынены як выпуск друкаванай газеты, гэтак і праца на электронных пляцоўках. Мы не займаліся прапагандай і ўсхваленнем каго б там ні было, не падладжваліся пад уплывы рознай палітычнай траскатні. Мы, вядома ж, недзе памыляліся, але заўсёды вучыліся і стараліся быць не прадузятымі", — сказана ў заяве на сайце.
Супрацоўнікі "Інфа-Кур'ера" адзначылі, што "за пражытыя" 23 (з лішкам) гады" ім не сорамна.
"Прабачыце за такі крыўдны і непрадказальны фінал! Мы яго не выбіралі", — дадалі аўтары заявы.
Праз два дні гэты ж суд прызнаў "экстрэмісцкай" "Рэгіянальную газету" з Маладзечна. Яе галоўнага рэдактара Аляксандра Манцэвіча, затрыманага 15 сакавіка, асудзілі да чатырох гадоў калоніі за "дэскрыдытацыю Беларусі".
Медалі "Рады БНР" і Аб'яднанага пераходнага кабінета
Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 13 красавіка сімволіка і атрыбутыка: медаль з надпісам на аверсе "Гонар i Годнасць" і з надпісам на рэверсе "Беларусь перадусiм!" з калодкай, абцягнутай стужкай блакітнага колеру з бел-чырвона-белай устаўкай у цэнтры, а таксама яе лічбавыя выявы прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.
12 верасня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў "экстрэмісцкімі" ордэн жалезнага рыцара, медалі "Ордэна Пагоні", "За баявыя заслугі" і медаль да 100-годдзя БНР, а таксама іх лічбавыя выявы.
Чайлдфры-суполкі
Вясной 2023 года суд Савецкага раёна Мінска абвясціў вайну чайлдфры — ідэалогіі, якая характарызуецца свядомым жаданнем не мець дзяцей.
Так, суд Савецкага раёну Мінска 2 траўня прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" інфармацыйную прадукцыю Telegram-каналаў "Антинатализм, чайлдфри, чайлдхейтеры etc" і "Чайлдфри". Праз дзесяць дзён гэты ж суд прызнаў "экстрэмісцкімі" Facebook-старонку "Чайлдфри. Элита общества", суполку ва "Укантакце" "Чайлдфри", Instagram-старонку "Чайлдфри".
Два разы тэлеграм-канал Зянона Пазняка
У сакавіку інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала "Зянон Пазьняк" была прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Адпаведнае рашэнне прыняў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 27 сакавіка. Аднак гэта не перашкодзіла 12 траўня правесці пасяджэнне ў судзе Савецкага раёну Мінска, падчас якога вышэй згаданы тэлеграм-канал зноў быў прызнаны "экстрэмісцкім".
Тэлеграм‑канал паэта Андрэя Хадановіча
Андрэй Хадановіч ― беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і выкладчык.
27 кастрычніка суд Лідскага раёна прызнаў "экстрэмісцкімі" Telegram-канал "ХАДАНОВIЧ I CHADANOVIC", Telegram-канал "Андрэй Хадановiч" і нават лагатып Telegram-канала "ХАДАНОВIЧ I CHADANOVIC у выглядзе малюнка круга, які складаецца з чатырох трыкутнікаў розных колераў.
Словазлучэнне "Полк Каліноўскага"
19 кастрычніка 2023 года суд Цэнтральнага раёна прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" візуальны матэрыял, тэкст "Polk Kalinouskaha", "Полк Каліноўскага", у тым ліку з якімі-небудзь подпісамі.
Анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі "Нам не ўсё адно!"
29 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў "экстрэмісцкімі" відэатрансляцыі марафона салідарнасці на «БЕЛСАТ NEWS», «Дзікае паляванне», «Беларуская Рада культуры», «Еўрарадыё», «Наша Ніва. NEWS», «ОБЫЧНОЕ УТРО», «Святлана Ціханоўская», «ТОК | TALK», «ЗЕРКАЛО» і «НАУ Беларусь».
Падчас марафону, які адбыўся 29 і 30 ліпеня, было сабрана больш за паўмільёна еўра дапамогі беларускім палітвязням.
Сцікеры ў Telegram
У 2023 годзе беларускія суды шчыравалі на прызнанне "экстрэмісцкімі" сцікераў у Telegram. Агулам было прызнана гэткімі сем сцікер-пакаў. Сярод іх ― сцікер-пак "Дзякуй" з 17 штук.
Сацсеткі "Рускага Добраахвотніцкага Корпуса" і "Легіёна «Свабода Расіі»"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Заводскага раёну Мінска 16 чэрвеня.
Сацсеткі ўкранскага дэпутата
Сацсеткі ўкраінскага дэпутата Аляксея Ганчарэнкі прызналі "экстрэмісцкімі" 23 студзеня 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Магілёва.
Telegram-каналы і -чаты беларусаў замежжа
У 2023 годзе было прызнана шэраг суполак, дзе аб'ядноўваюцца беларусы замежжа "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Так, напрыклад, 19 снежня 2023 года суд Першамайскага раёна ўнёс у спіс чат "Беларускія медыкі ў Польшчы", 26 траўня суд Баранавіцкага раёна і Баранавіч прызнаў "экстрэмісцкім" Telegram-канал "Беларусы Грузии / BY in Georgia", а 8 верасня гэты ж суд дадаў "экстрэмісцкім" Telegram-канал "Беларусы ў Маскве | Беларусы в Москве".
Суполкі салідарнасці
Напрыканцы года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў "экстрэмісцкім" Telegram-канал "Окрестина задержанные". Гэта валанцёрскі канал, створаны для дапамогі блізкім затрыманых на Акрэсціна. Перад гэтым аднайменны чат прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
А суд Ленінскага раёна Брэста напрыканцы лістапада прызнаў суполку ў Facebook "Письма Солидарности Беларусь 2020". Там карыстальнікі дзяліліся навінамі і публікуюць урыўкі з лістоў са зняволенымі. Цяпер суполка схаваная ў архіве.
Крыніца: Словазлучэнне, сцікер-пакі, песні і кнігі. Самыя абсурдныя "экстрэмісцкія матэрыялы" ў 2023 годзе