06.01.2024 Тэгі: выбары-2024 “Калінкавіцкія навіны” 5 студзеня апублікавалі адразу пяць выступаў прадстаўнікоў праўладных партый і грамадскіх аб’яднанняў пад рубрыкай “На тэму выбараў”. Пра што яны казалі жыхарам раёна?

Так, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Вольга Шапецька пахвалілася тым, што “аднаго свайго прадстаўніка мы вылучаем у раённы Савет дэпутатаў, больш за 70 актывістаў задзейнічаем у якасці назіральнікаў або ў склад выбарчых камісій рознага ўзроўню. Акрамя таго, моладзевыя атрады аховы правапарадку будуць аказваць дапамогу праваахоўным органам у падтрыманні грамадскага парадку”.

Таксама Шапецька распавяла, што яна, разам з другім сакратаром БРСМ Дар'яй Шалясцюковіч з'яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы, якая збірае подпісы за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Калінкавіцкай выбарчай акрузе №41 Мікалая Маратаева.

Намесніца старшыні Калінкавіцкага райсавета ветэранаў Вольга Старавойтава запэўніла жыхароў раёна, што “прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі будуць задзейнічаны ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га літаральна на кожным выбарчым участку: хтосьці ў якасці сябраў камісіі, хтосьці ў якасці назіральніка. Гэта каля ста актывістаў”.

З аналагічнымі інтэрв’ю выступілі таксама намесніца старшыні раённага Савета жанчын Валянціна Касьянчык, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА "Белая Русь” Мікалай Хведарук і старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Алеся Багданава.

Усе яны заклікаюць актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і дэкларуюць, што “правільны” выбар – залог росквіту грамадства і дабрабыту беларусаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Крыніца: Перабор у Калінкавічах: прадстаўнікі праўладных арганізацый заклікаюць да ўдзелу у выбарах