10.01.2024 Тэгі: выбары-2024Павел Сапелка. Фота: "Белсат" Днямі канчаткова стала вядома, што Беларусь не будзе запрашаць назіральнікаў АБСЕ на парламенцкія выбары*. Гэтая электаральная кампанія стане трэцяй без назіральнікаў ад структур АБСЕ-БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі. З міжнародных назіральнікаў будуць місія ПА АДКБ і прадстаўнікі краін СНД. Эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка каментуе сітуацыю, якая склалася з міжнародным назіраннем за выбарамі* ў Беларусі.

У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю 16 лістапада Вялікабрытанія і іншыя краіны-члены АБСЕ (Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Швейцарыя і Канада) выступілі з заявай пастаяннай Радзе АБСЕ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, заклікаючы да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. У заяве была дадзеная недвухсэнсоўная прынцыповая ацэнка грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і рэкамендацыя правесці свабодныя і справядлівыя выбары "без умяшання, запалохвання і страху пераследаў, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі". Далей былі згаданыя неад'емныя прыкметы свабодных выбараў-павага свабоды выказвання меркаванняў і асацыяцый, у тым ліку незалежных сродкаў масавай інфармацыі і палітычных партый, магчымасць балатавацца, не асцерагаючыся арышту або рэпрэсій, запрашэнне міжнародных назіральнікаў.

Праз 10 дзён старшыня ЦВК Ігар Карпенка выказаўся адносна гэтай заявы і даў зразумець, што прынцыповая пазіцыя АБСЕ для беларускага рэжыму непрымальная і расцэньваецца як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. Тады ж ён паведаміў аб планах:

"Мы плануем запрасіць прадстаўнікоў цэнтральных выбарчых камісій краін СНД, а таксама калег з Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Рэспубліцы Карэя. Асацыяцыя аб'ядноўвае каля 111 краін. Штогод праходзяць кангрэсы гэтай арганізацыі, і мы там актыўна ўдзельнічаем. Астатнія аб'екты, якія павінны прыцягнуць увагу тых, хто лічыць сябе патрэбнымі, у тым ліку і ў Расеі".

У пачатку снежня стала вядома, што ЦВК Беларусі накіравала запрашэнні калегам у краінах СНД для ўдзелу ў назіранні за адзіным днём галасавання. 20 снежня з'явілася інфармацыя аб планаваным удзеле членаў Кансультатыўнага Савета кіраўнікоў выбарчых органаў дзяржаў – удзельніц СНД у назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сябрамі Кансультатыўнага савета з'яўляюцца прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Арменія, Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Кыргызскай Рэспублікі, Цэнтральнай выбарчай камісіі Расійскай Федэрацыі, Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэферэндумах Рэспублікі Таджыкістан, Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Узбекістан.

8 студзеня стала зразумела, што цяперашняя электаральная кампанія стане трэцяй, праведзенай без назіральнікаў ад структур АБСЕ-БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі. Эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Павел Сапелка ацэньвае такую сітуацыю як чаканай:

"Улады ў чаканні прадказальна негатыўнай ацэнкі дэмакратычных суб'ектаў, як саміх выбарчых мерапрыемстваў з іх неўстараненымі недахопамі, так і кантэксту задушанага волевыяўлення на выпаленым палітычным полі, аддалі перавагу пакінуць магчымасць прысутнічаць пры чарговым фарсе, у асноўным правераных часам партнёраў, якія маюць не меншыя традыцыі фальсіфікацый вынікаў волевыяўлення ўласнага народа. З прадстаўнікамі Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў у рэжыму відавочна праблем не плануецца: гэтая арганізацыя па сутнасці арганізуе пяцідзённыя навучальныя візіты невялікія групы назіральнікаў і не публікуе глыбокіх прафесійных справаздач аб назіранні, абмяжоўваючыся тэхнічным апісаннем правілаў, замацаваных законам наведвальнай дзяржавы. Адсутнасць элемента доўгатэрміновага назірання сур'ёзна падрывае давер да такога роду кампаніі і праўдападобнасць агульных высноў". 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

"Без канкрэтных доказаў мы можам застацца непачутымі". Што важна ведаць пра незалежнае назіранне за выбарамі*

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае ўсё, што трэба ведаць пра незалежнае назіранне.

Крыніца: "Сур'ёзна падрывае давер да такога роду кампаніі". Павел Сапелка выказаўся пра міжнароднае назіранне за выбарамі*