11.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, палітвязні, аналітыка, рэпрэсіі Па дадзеных праваабаронцаў "Вясны", у 2023 годзе пасля праверак на мяжы былі затрыманы не менш за 207 чалавек. Сярод іх акрамя беларусаў былі грамадзяне Украіны, Літвы і Расіі. Амаль усіх затрыманых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за рэпосты навінаў з незалежных СМІ, "дробнае хуліганства" або за "пікетаванне" нацыянальнай сімволікай. Акрамя гэтага, не менш за 18 затрыманых у выніку асудзілі паводле крымінальных артыкулаў. "Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.
Каго і за што пераследуюць па вяртанні ў краіну
Паводле праваабаронцаў "Вясны", агулам у 2023 годзе пасля перасячэння мяжы з Беларуссю былі затрыманы не менш за 207 чалавек. Сярод іх былі не толькі беларусы, а таксама грамадзяне Украіны, Літвы і Расіі. Амаль усе затрыманыя пазней былі асуджаныя паводле адміністрацыйных пратаколаў да штрафаў або арыштаў. Акрамя гэтага, мінімум 18 затрыманых у выніку асудзілі па крымінальных справах, 12 з якіх да пазбаўлення волі, а яшчэ адзін чалавек знаходзіцца пад вартай да суда. Адзначым, што дадзеныя няпоўныя праз адсутнасць поўных звестак, таму гэтыя лічбы могуць быць значна большыя.
Прычынай для пераследу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, "экстрэмісцкія" рэпосты або фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, і нават удзел у акцыях салідарнасці за мяжой.
Мінімум 58 затрыманых: як і за што пераследуюць беларусаў, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы
Вядома, што часцей за ўсё людзей затрымліваюць пасля вяртання з Літвы, але праверкі і затрыманні ладзяць на ўсіх працуючых прапускных пунктах, у тым ліку і на мяжы з Расіяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ужо дадому. Калі затрыманне адбываецца наўпрост у пункце пропуску, то чалавека да суда звычайна змяшчаюць у бліжэйшы РАУС, дзе супраць яго і складаюць пратакол.
Пры гэтым кожны дзень апроч затрыманняў адбываюцца і допыты тых, хто заязджае ў краіну. Праваабаронцам вядома, што пытанні ў супрацоўнікаў мытні або КДБ выклікаюць, напрыклад, штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Таксама праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў "БЕСпорядки" — туды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.
"Камісія па вяртанні": як людзі прыязджаюць дадому па дамоўленасці з сілавікамі, а ў выніку трапляюць за краты
Напрыканцы 2021 года сілавікамі была створана праграма "Дарога дадому", якая нібыта "дазваляе тым, хто з'ехаў, вярнуцца без наступстваў". Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, па якім яны могуць гэта зрабіць.
Але праваабаронцам вядомыя мінімум тры выпадкі, калі нягледзячы на зварот у камісію супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы.
Такой магчымасцю, напрыклад, скарысталася адміністратарка пратэсных чатаў Таццяна Курыліна, якую асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Таксама ў лістападзе 2023 года асудзілі 30-гадовага берасцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у камісію па вяртанні, але гэта не выратавала яго ад пераследу. Яму прызначылі адзін год калоніі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі).
Берасцеец звярнуўся ў камісію па вяртанні — яго асудзілі наўпрост у СІЗА
А ў снежні 2023 года прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Таццянай Собаль, якая, як паведамляецца, таксама вярнулася ў Беларусь праз "камісію". Жанчыну прымусілі распавесці пра тое, як ёй было дрэнна за мяжой і як яна, "паддаўшыся ўплыву", удзельнічала ў пратэстах у 2020-ым годзе. У выніку Таццяну чакае суд — ёй інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК. Яна знаходзіцца на волі пад закладам.
Хто з затрыманых цяпер у зняволенні і як іх можна падтрымаць
Публікуем гісторыі некаторых з іх.
Кацярына Бруханава — два гады і шэсць месяцаў калоніі
Кацярына — грамадзянка Украіны, родам з горада Херсон. Яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там універсітэт у 2015 годзе, а ў 2016 пераехала ў Беларусь, дзе працавала перакладчыцай з кітайскай.
25 ліпеня 2023 года Бруханаву затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. Сілавікі ўбачылі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі "Зеркало"з перасоўваннем расейскай вайсковай тэхнікі пад Мінскам.
Падтрымайце палітзняволеную лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Кацярына Андрэеўна Бруханава |
Кірыл Гняздзілаў — восем гадоў калоніі
Кірыл з 2007 года працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў жніўні 2020 года і перайшоў працаваць у сферу IT. Берасцейца затрымалі проста на мяжы, калі той вярнуўся з Польшчы наведаць жонку і дзяцей.
Справу ў закрытым рэжыме разглядалі цягам шасці судовых пасяджэнняў. Вядома, што яна звязаная з "Чорнай кнігай Беларусі". У Брэсцкім абласным судзе 3 жніўня 2023 года яго асудзілі паводледвух артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба Кірыл Віктаравіч Гняздзілаў |
Аляксандра Каско — 10 гадоў калоніі
У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня палітзняволеную асудзілі да дзесяці гадоў калоніі. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы напачатку лютага 2023 года.
Яе асудзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Яшчэ да суда Аляксандру ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў" і "спіс экстрэмістаў".
Падтрымайце палітзняволеную пасылкамі, лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 Аляксандра Віктараўна Каско |
Анастасія Петрачэнка — тры гады калоніі
Анастасія пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пераехала з Беларусі ў Польшчу. Знаходзячыся ў суседняй краіне яна паспрабавала зрабіць ахвяраванне са свайго беларускага банкаўскага рахунка праз інтэрнэт-банкінг палку імя Каліноўскага памерам 16,71 даляраў ЗША, аднак транзакцыя не прайшла.
Пазней палітзняволеная вырашыла вярнуцца ў Беларусь, дзе была затрыманая.
Падтрымайце палітзняволеную лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Анастасія Алегаўна Петрачэнка |
Аляксандр Кулікоў — чатыры гады і шэсць месяцаў
Магілёвец летась з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. У выніку палітвязня затрымалі ў чэрвені 2023 года па вяртанні з Польшы наўпрост на мяжы і змясцілі ў СІЗА.
Праз два месяцы яго асудзілі за каментары ў "экстрэмісцкіх" чатах. А нядаўна Аляксандра асудзілі зноў — за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за "праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці".
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі салідарнасці: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А Аляксандр Уладзіміравіч Кулікоў |
Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч — шэсць гадоў калоніі
Палітзняволеных абвінавацілі па ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове". Справу ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў.
Паводле матрыялаў справы, Юлія перадала Паўлу інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі, а таксама звесткі пра разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнне яму пакарання. Абвінавачванне было ўпэўненае, што Мажэйка перадаў гэтыя звесткі для публікацыі на "Белсат".
Падтрымайце Юлію лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Юлія Пятроўна Юргілевіч |
Канстанцін Саламіюк — утрымліваецца ў СІЗА ў межах крымінальнай справы
Канстанцін — праграміст з Брэста, які апошнім часам жыў у Польшы. Яго затрымалі ў кастрычніку 2023 году паводлеарт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу.
У лістападзе 2023 з палітвязнем выйшла "пакаяннае відэа" з мужчынам, дзе ён казаў, што затрыманы за "шматлікія абразлівыя каментары".
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі салідарнасці: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37 Канстанцін Сяргеевіч Саламіюк |
Крыніца: Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год