11.01.2024 Тэгі: выбары-2024 MAYDAY паведамляе, што ў МДУ ім. Аркадзя Куляшова гісторык Ігар Марзалюк правёў агітацыйную лекцыю, дзе заклікаў прыйсці на выбары дэпутатаў студэнтаў і студэнтак, якія ўпершыню маюць магчымасць галасаваць.
Мерапрыемства называлася "Інфармацыйная сустрэча на тэму "Беларускі свет, беларускі выбар, беларускія выбары" са старшынём Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком". Лектар заклікаў моладзь прыйсці на ўчасткі 25 лютага і "зрабіць беларускі выбар – выбар на карысць моцнай дзяржавы", бо гэта "адзіны спосаб легітымнай змены пэўных правілаў гульні і развіцця дзяржавы".
Пры гэтым ён заклікаў студэнтаў "не галасаваць за лузераў". Калі ва ўлётцы кандыдата напісана, што ён часова беспрацоўны, то, як заявіў Марзалюк, верыць такому чалавеку нельга. "Няўдачнікам не месца ў парламенце", — пафасна заключыў ён.
Ігар Марзалюк балатуецца ў Палату прадстаўнікоў трэці раз, традыцыйна па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84. Аднак праўладная партыя "Белая Русь" вылучыла тут іншага кандыдата – прарэктара па выхаваўчай працы гэтай жа ВНУ Дзмітрыя Рагаўцова, кандыдата палітычных навук. Улічваючы, што склад Палаты фармуецца задоўга да выбараў, верагодна, стаўку ўлады робяць як раз на Рагаўцова.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Магілёўскіх студэнтаў заклікаюць "зрабіць выбар на карысць моцнай дзяржавы"