12.01.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі жыхара Брэста за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту
"Пакаяльнае відэа" з затрыманым 12 студзеня апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" чарговую кнігу
Гаворка пра выданне Віктара Суворава "Беру свои слова обратно: Вторая часть трилогии "Тень Победы". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Савецкага раёна Мінска 29 снежня.
У рэцэнзіях да гэтай кнігі пішуць, што ў ёй паказана "пераканаўчая, неабвержная праўда першых дзён вайны на тэрыторыі СССР".
У Магілёве 10 студзеня другі раз запар асудзілі саліста гурта Nizkiz
Нагадаем, пра затрыманне траіх удзельнікаў гурта Nizkiz стала вядома 6 студзеня. Тады ў Магілёве былі затрыманыя вакаліст і аўтар песень Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Зьміцер Халяўкін. Яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 8 студзеня над музыкамі адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Іх справу разглядала суддзя Вікторыя Палякова. Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 10 студзеня тая ж суддзя разглядзела другую запар справу супраць Аляксандра Ільіна. Яго зноў судзілі паводле арт. 19.11 КаАП, але вынік невядомы.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 чалавекі — цяпер у ім 3686 прозвішчаў
12 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі палітзняволенага Аляксея Краснагіра, 65-гадовага Генадзя Дарожкіна і 21-гадовага Антона Кашаеда.
Таццяну Севярынец адпусцілі дадому да суда
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook распавяла 12 студзеня Ганна Севярынец.
"Мама дома да суда. Перадае ўсім добрым людзям дзякуй за клопат і падтрымку".
Затрымалі народнага майстра Беларусі Юрася Камандзірчыка
Як паведаміў "Позірк" 11 студзеня, майстар з'язджаў за мяжу на працу і вярнуўся ў Беларусь, каб аформіць пенсію.
62-гадовы Юрась — член Саюза народных майстроў, з 2021 года Народны майстар Беларусі. Ён адзін з аўтараў мемарыяльнага крыжа беларускаму дзеячу Вацлаву Ластоўскаму на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Ягоныя работы размешчаныя ў розных месцах Беларусі.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" сайт і сацсеткі медыя "Настоящее время"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёна Віцебска 5 студзеня.
Поўны пералік "экстрэмісцкіх" старонак "Настоящего времени" займае 5 старонак — сярод іх "Настоящее Время. Беларусь", "Настоящее Время. Азия" і нават dzen-старонка медыя.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі Telegram-каналы і чаты "МЗКТ для жизни", "Наша Вiлейка", "Сiтуацыйна-аналiтычны цэнтр", "Честные учителя Беларуси", "МЫ НЕ ХОЛОПЫ".
На загад міністра інфармацыі ў Беларусі заблакавалі сайт "Мой Брест"
У Беларусі заблакавалі доступ карыстальнікаў да рэгіянальнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання "Мой Брест". Адпаведны загад выдаў 9 студзеня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, паведаміў БАЖ.
Інфармацыйны сайт "Мой Брест" быў створаны больш за дзесяць гадоў таму і распавядаў галоўным чынам пра навіны, падзеі і людзей, якія маюць дачыненне да Брэста і яго наваколля.
З браслаўскага музея традыцыйнай культуры пасля "хапуна" звольнілі 7 чалавек
Як паведамліа "Віцебская Вясна" 11 студзеня, страцілі працу і тыя, хто адбываў адміністрацыйны арышт, у тым ліку цяпер ужо былая загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, і нават тыя, каму былі прызначаны штрафы.
Вызваленыя пасады пакуль не занятыя: у Браславе проста няма адмыслоўцаў у музейнай справе, тым болей адмысловага профілю — знаўцаў у галіне традыцыйнай культуры.
Паводле сацыяльных сетак установы, там прымаюць наведнікаў, але пад пытаннем даследчыцкая і навуковая праца музея — ёй цяпер папросту няма каму займацца.
У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — тэлеграм-канал "Андрей Суздальцев"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 11 студзеня.
Суздальцаў — расійскі палітолаг, палітычны каментатар па беларускай тэматыцы.
Ён нарадзіўся ва Уладзівастоку, у пачатку 1990-х гадоў пераехаў у Беларусь, дзе стаў разгортваць прарасійскую дзейнасць у асяродку дэмакратычнай апазіцыі. У 2006 годзе быў пазбаўлены віда на жыхарства і высланы з краіны. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, Суздальцаў ставіў "пад пагрозу нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь".
Пасля дэпартацыі Суздальцаў асеў у Маскве, дзе стаў намеснікам дэкана факультэта сусветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі.