15.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў Мікалай Халаеў. Фота з сацыяльных сетак. У Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд 51-гадовама кладаўшчыку і таваразнаўцу аднаго з прадпрыемстваў сталіцы Мікалаю Халаеву. Мужчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх  (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Лідзія Цяліца.

Па матэрыялах абвінавачання, у верасні 2020 года, знаходзячыся на праспекце Машэрава і на вуліцы Максіма Багдановіча, Халаеў парушаў грамадскі парадак, непадпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выходзіў на праезную частку дарог, пры гэтым замінаў і блакаваў шлях транспартным сродкам. Гэтыя дзеянні прычынілі матэрыяльны ўрон прадпрыемсту “Мінсктранс” на суму 33 771 рубель і 63 капейкі.

Праўда, гэтая прэтэнзія судом не разглядалася.

Суд, яки завяршыўся 19 снежня, прызнаў Мікалая Халаева вінаватым і пакараў яго абмежаваннем волі на тэрмін два гады і шэсць месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.  Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту замененая на падпіску аб нявыездзе.

Зусім нядаўна, 12 студзеня, Мікалая Халаева ўнеслі ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

Крыніца: "Блакаваў вуліцы, нанёс ўрон “Мінсктрансу”: два з паловай гады "хатняй хіміі" для кладаўшчыка з Мінска