15.01.2024 Тэгі: выбары-2024 Мяркуючы па спісе ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у “дэпутаты” Лідскага раённага савету, у гэтым раённым органе будуць выключна прадстаўнікі вышэйшага Лідскага начальства і наменклатуры.

Будучых “дэпутатаў” Лідскага райсавету называе "Гарадзенская праваабарона". Гэта старшыня цяперашняга райсавету Інэса Белуш, генеральны дырэктар ААТ "Лідахлебапрадукт" Аляксандр Астроўскі, генеральны дырэктар ААТ "Лідскі малочнакансервавы камбінат" Андрэй Ашманкевіч, начальнік Упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкаму Вольга Тарасюк, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях ААТ “Шклозавод “Нёман” Валянціна Набагез, іншыя прадстаўнікі раённага чынавенства. Нават у савецкі час было больш знешняй дэмакратыі, калі ў дэпутаты розных роўняў вылучалі пэўную колькасць калгасніц ці рабочых заводаў. Цяпер жа ў дэпутатацкіх крэслах спрэс чыноўнікі і розныя кіраўнікі.

Па 35 акругах ідуць 11 прадстаўнікоў праўладнай партыі “Белая Русь”, і яшчэ па адным сябры Камуністычнай партыі Беларусі і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Вылучана 25 мужчын і 10 жанчын.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: На выбарах у Лідскі райсавет дэпутатаў стаўку робяць на наменклатуру