15.01.2024 Тэгі: палітвязні, аналітыка, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1483 чалавек. За мінулыя тыдні стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю мінімум 20 палітвязняў: Андрэй Бяляўскі, Аляксандр Бабіч, Міхаіл Кухарчук, Вячаслаў Бяганскі, Мікалай Берднікаў, Валерый Елісееў, Арцём Мілашэвіч, Алена Ягорычава, Арцём Задруцкі, Артур Чарняўскі, Віктар Несцераў, Данііл Раманаў, Кірыл Малышэнка, Арцём Такарчук, Ілля Кадзетаў, Антон Касцючэнка, Аляксандр Жыхарэвіч, Дзмітрый Цыб, Віталь Маркушэўскі, Таццяна Купчына.

У калоніі ад пнеўманіі памёр палітвязень, асуджаны за данаты

Храсько Вадзім

У калоніі № 3 «Віцьбе» памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў яму 3 гады зняволення за некалькі данатаў, негледзячы на тое, што мужчына меў сур'ёзнае захворванне.

На 13 кастрычніка 2023 года быў прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі Вадзіма ў Вярхоўным судзе. Судовая калегія пад старшынствам Аляксея Цяцюхіна пакінула прысуд у сіле.

Вадзім памёр у ноч з 8 на 9 студзеня ад пнеўманіі. У бальніцу мужчыну даставілі, калі ўжо нельга было яго выратаваць. Афіцыйныя структуры ніяк не каментуюць інцыдэнт у віцебскай калоніі. 12 студзеня Вадзіма пахавалі ў Мінску.

У калоніі ад пнеўманіі памёр палітвязень Вадзім Храсько

У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць. Гэта чацвёртая смерць палітвязня за кратамі.

Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі

Мікалай Аўтуховіч на судзе 18 траўня

Пра гэта "Свабодзе" расказала сваячка палітвязня:

"Загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі. Разлічвалі, што яшчэ на Раство атрымае, але ўжо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда".

Паводле сваячкі, 30 снежня Мікалай коратка тэлефанаваў некалькім сваякам:

"Усіх павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Голас быў бадзёры, сказаў пра сябе, што са здароўем у яго збольшага нармальна. Пра бандэроль сказаў, што яму дазволена адна на год, але дагэтуль нічога не атрымаў: "А сам ад бандэролі ніколі не адмаўляюся".

Хворую на анкалогію пенсіянерку Алу Зуеву перавялі ў калонію

Зуева Ала

62-гадовая Ала ў кастрычніку была асуджана да 2,5 гадоў калоніі. Шэсць гадоў таму ёй паставілі дыягназ "лейкоз". Жанчына пачала пісаць кнігу ў стылі фэнтэзі. Дачка палітзняволенай расказала "Свабодзе", што жанчыне трэба пастаянна назірацца ў лекараў, рабіць аналізы, каб хвароба не прагрэсавала, прымаць патрэбныя лекі.

Сімптомы праяўляюцца перыядамі. Бывае, яна адчувае сябе дастаткова добра, а бываюць дні, калі ў яе няма сілаў, яна хутка стамляецца, адчувае слабасць, не можа ўстаць. У жанчыны моцна баліць спіна. Бываюць панічныя атакі, якія здараліся яшчэ да турмы. Хіміятэрапію ёй раней не рабілі, але яна можа спатрэбіцца, калі здароўе Алы будзе пагаршацца. Ёй даходзяць лісты толькі ад дачкі, ад іншых сваякоў і сяброў — не.

Стала вядома, што Ала ўжо пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4.

Палітвязня Рыгора Кастусёва збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Рыгор Кастусёў

Па інфармацыі праваабаронцаў, у судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Сяргея Кухацкавальца, старшыню Партыі БНФ могуць перавесці ў турму.

Нагадаем, Рыгора затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе паводле арт. 357 КК «змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Пазней яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У лістападзе стала вядома, што палітзняволенага змясцілі ў ПКТ на 6 месяцаў.

У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Прысуд палітзняволенаму праграмістў Леаніду Райчонку пакінулі без зменаў 

Леанід Райчонак

Вярхоўны суд 4 студзеня разгледзеў у апеляцыйным парадку скаргу палітзняволенага IT-спецыяліста з Брэста.

У выніку прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга — без задавальнення.

Нагадаем, у кастрычніку Леаніда асудзілі да 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за данаты беларускім добраахвотнікам ва Украіне паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.

У Брэсце ізноў судзяць палітзняволенага Барыса Вітко

Барыс Вітко. Фота з сацыяльных сетак.

Брэсцкі абласны суд пасля перапынку працягвае разгляд крымінальнай справы 68-гадовага жыхара Ляхавіч, які раней быў асуджаны за абразу суддзі паводле арт. 391 КК. 20 студзеня 2023 года суд Ляхавіцкага раёна прызнаў яго вінаватым і прысудзіў два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

На гэты раз палітвязню прад’явілі больш сур’ёзныя абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:

Новую справу з 4 студзеня пачала разглядаць суддзя Вера Філонік.

На першым судзе Барысу ставілася ў віну тое, што ў тэлеграм-канале «Ляхавічы 97» ён напісаў абразлівы каментар у дачыненні да суддзі Мікалая Кміты.

Больш за 11 месяцаў таму знікла сувязь з палітзняволеным Міколам Статкевічам 

Мікалай Статкевіч. Фота: Уладзь Грыдзін

"Спадзяюся, Мікалай і зараз не адчувае сябе самотным, як бы не стараліся гэтыя", — напісала ў Facebook ягоная жонка Марына Адамовіч.

У другой палове лістапада сваякі Мікалая праз "другія рукі" атрымалі пацверджанне, што ён дагэтуль знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13, дзе сядзіць па чарзе то ў адзіночнай камэры ПКТ, то ў камеры штрафнога ізалятару. Яго пазбавілі права на званкі і адзінай на год перадачы і спаткання.

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады і 7 месяцаў. Яму прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

Праваабаронцы Article 19 запатрабавалі вызвалення палітзняволеных Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай 

Супрацоўніца арганізацыі Джаана Шыманска адзначае, што «Андрэй — перакананы прыхільнік свабоды прэсы, які раней працаваў з арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі свабоды выказвання меркаванняў, а таксама ў журналістыцы, у тым ліку ў якасці калегі ў Article 19», піша "Позірк".

Праваабаронца адзначае, што Аляксандраву «спрабавалі адпраўляць лісты, але апошні адказ ад Андрэя датаваны 2021 годам». Нягледзячы на гэта, адзначае Шыманска, «нашы думкі нязменна з Андрэем і Ірынай, і мы працягнем нашу працу па іх вызваленні».

Нагадаем, Андрэя і Ірыну разам з іншымі палітвязнямі асудзілі па рэзананснай «справе БелаПАН» у 2021 годзе: Андрэю Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў калоніі, Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі, Ірыне Леўшынай — 4 гады калоніі, Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі.

1 верасня 2022 года Ірына і Андрэй Аляксандраў ажаніліся ў СІЗА-1.

Крыніца: Агляд навінаў палітвязняў з 1 па 15 студзеня