15.01.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 "Віцебская Вясна" паведамляе, што ў Віцебскай вобласці электаральны працэс праходзіць па сцэнары ўлад. Згодна з планам выбарчай кампаніі, у рэгіёне завяршыўся працэс утварэння ўчасткаў для галасавання і падыходзіць да завяршэння падача дакументаў для рэгістрацыі кандыдатаў на працу ў мясцовых Саветах усіх узроўняў.
Калі параўноўваць з рэспубліканскім рэферэндумам 2022 года, у сувязі з дэмаграфічнай сітуацыяй вучасткаў для галасавання менш. Зараз іх — 693 (у тым ліку, 18 у бальніцах, санаторыях, дамах адпачынку і адзін — на базе воінскай часці ў Кастрычніцкім раёне Віцебска), а у 2022 годзе было 714. Лідэр па колькасці ўчасткаў — Аршанскі раён — 95, у Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах абласнога цэнтра — 71 і 62 адпаведна. Менш за ўсё выбарчых участкаў у Расонскім раёне — іх 10.
У рэгіёне палітычна актыўныя людзі пачалі актыўна падаваць пакеты дакументаў для рэгістрацыі іх у якасці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Гэты працэс завяршыцца сёння, 15 студзеня. Сярод тых, хто падаў заяўкі на дэпутацтва ў мясцовыя Саветы, больш жанчын — 337 (55%) з 613. Палова з агульнай колькасці прэтэндэнтаў на «дэпутатскае крэсла» ўжо маюць досвед працы ў прадстаўнічай галіне ўлады.
Па сферах дзейнасці амаль 95% складаюць так званыя кіраўнікі і начальнікі. Падлічана, што 28% прадстаўляюць сацыяльную сферу, 21,3% — дзяржаўныя органы, 15,5% — сельская гаспадарка, практычна адсутнічаюць сярод будучых кандыдатаў людзі на пенсіі і беспрацоўныя грамадзяне.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: У Віцебскай вобласці электаральны працэс праходзіць па сцэнары ўлад.