15.01.2024 Тэгі: выбары-2024, асвета Першыя выбары* пасля крызісу 2020 года прызначаныя на 25 лютага 2024 года. Гэта першыя ў Беларусі аб'яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пачалася 17 снежня 2023 года і працягнецца да 30 студзеня. Больш за месяц адводзіцца не толькі для збору дакументаў, адкрыцця рахунку ды іншых фармальных працэдур, але таксама і для мерапрыемстваў, якія праводзяцца, каб сабраць неабходную колькасць подпісаў грамадзян. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядаюць пра этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў кантэксце міжнародных стандартаў правоў чалавека.
- Ілюстрацыйнае фота
Чым важны этап рэгістрацыі кандыдатаў?Наяўнасць на выбарах разнастайнага спектру кандыдатаў, якія прадстаўляюць розныя меркаванні і павесткі, што прасоўваюцца, з'яўляецца адной з прыкмет дэмакратыі. Гэты этап важны і паказальны на любой выбарчай кампаніі. Прадстаўленне розных пунктаў гледжання ў ходзе выбараў гарантуе таксама сапраўдны выбар для выбаршчыкаў, паколькі яны з дапамогай выбараў могуць выбіраць жаданы для іх шлях развіцця дзяржавы. У той жа час неабгрунтаваныя абмежаванні, якія тычацца якой-небудзь кандыдатуры з'яўляюцца парушэннем права народу выбіраць, а для самога кандыдата — парушэннем яго права на доступ да дзяржаўнай службы. |
Якія патрабаванні высоўваюцца да кандыдатаў?Да выбараў могуць быць дапушчаныя не ўсе. У якасці стартавых умоў, выкананне якіх дазваляе стаць кандыдатам у дэпутаты, з'яўляюцца выбарчыя цэнзы. Выбарчыя цэнзы — усталяванае законам патрабаванне або іх набор, якім павінен адпавядаць кандыдат для атрымання допуску да ўдзелу ў выбарах. Узроставы ды іншыя цэнзы для дэпутатаў ды іншых асоб, якія абіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаюцца Выбарчым кодэксам (арт. 57) і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (арт. 64). Аднак у сувязі са створанай уладамі сітуацыяй паўсюднага і сістэмнага парушэння правоў чалавека ў дачыненні да палітычных апанентаў і грамадска актыўных людзей, ужо на дадзеным этапе незалежныя ад дзяржавы суб'екты і апаненты ўлады пазбаўленыя актыўнага выбарчага права (балатавацца на выбарныя пасады) або знаходзяцца пад пагрозай пераследу. |
"Задушанае інфармацыйнае асяроддзе і татальны кантроль над грамадствам". Гаворым з праваабаронцам аб праблемах і рэаліях выбараў*
Якім спосабам могуць вылучацца кандыдаты ў дэпутаты?Трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў, ад працоўных калектываў і палітычных партый. Расказваем больш падрабязна. Шляхам збору подпісаўДля збору подпісаў павінна быць сфармаваная ініцыятыўная група да 10 чалавек, якая можа збіраць подпісы за вылучэнне кандыдата. Для Палаты прадстаўнікоў неабходна сабраць не менш за 1 000 подпісаў выбаршчыкаў. Што тычыцца вылучэння ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, то прадугледжаны аднапрацэнтны парог подпісаў, які залежыць ад колькасці выбаршчыкаў, што пражываюць у акрузе. Для рэгістрацыі кандыдат павінен мець падтрымку не менш за адзін працэнт выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі дадзенай выбарчай акругі, але не менш за 10 выбаршчыкаў. Збор подпісаў завяршаецца 15 студзеня. Грамадзяне ад працоўных калектываў і палітычных партыйАднак, як звяртаюць увагу праваабаронцы, сёння ў Беларусі гэта права працуе толькі для праўладных суб'ектаў. Усе апазіцыйныя партыі ў 2023 годзе ліквідаваныя, а палітычная актыўнасць грамадзян і працоўных калектываў жорстка кантралюецца ўладамі. За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца 2023-га ў Беларусі ліквідавалі прынамсі 1 509 некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, палітычных партый, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, рэлігійных арганізацый), адзначае Lawtrend. З 15 палітычных партый было ліквідавана 12 (і зарэгістраваная новая праўладная партыя — "Белая Русь"). У Беларусі афіцыйна засталіся толькі чатыры праўладныя партыі, астатнія ліквідавалі. Працэс па "зачыстцы" грамадзянскага сектара працягваецца і сёння, адзначаюць праваабаронцы. Таму ў Беларусі на дадзены момант быць самастойным прадстаўніком грамадскасці, які вылучаецца ад партый або працоўных калектываў, стала фактычна немагчыма. Засталіся толькі лаяльныя ўладзе партыі і працоўныя калектывы. За ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі прадугледжаная крымінальная адказнасць. Дзейнасць палітычных партый і працоўных калектываў залежыць ад таго, наколькі дзяржава паважае, выконвае і абараняе права на свабоду аб'яднанняў. У дэмакратычным грамадстве любыя абмежаванні свабоды аб'яднанняў, свабоды слова і свабоды сходаў могуць уводзіцца толькі ў рамках закона і ў сувязі з неабходнасцю. Паводле артыкулу 60 ВК, грамадзянін можа вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў толькі па адной выбарчай акрузе (па выбарах у мясцовы Савет дэпутатаў адпаведнага тэрытарыяльнага ўзроўню – у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў). Пры гэтым нельга адначасова вылучацца кандыдатам у дэпутаты і Палаты прадстаўнікоў, і мясцовага Савета дэпутатаў. |
Калі чалавек адпавядае названым вышэй цэнзам і не падпадае пад абмежаванні, тады ён аўтаматычна будзе зарэгістраваны як кандыдат?Створаныя ўладамі ўмовы правядзення выбараў у 2024 прывялі да таго, што рэалізаваць права ўдзелу ў выбарах, як і больш шырокае права ўдзелу ў дзяржаўных справах, стала немагчымым, адзначаюць праваабаронцы. Менавіта таму міжнародныя стандарты (A/HRC/49/42 Даклад Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека) замацоўваюць:
|
Хто прымае рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты?Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ажыццяўляецца адпаведнай акруговай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй, гаворыцца ў арт. 68 ВК.Фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) і акруговых выбарчых камісій (АВК) пацвердзіла курс на абсалютны кантроль уладамі над усімі этапамі выбараў*2024, гаворыцца ў аналітычнай справаздачы "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Ва ўсіх створаных выбарчых камісіях адсутнічаюць прадстаўнікі непраўладных партый і незалежных грамадскіх аб'яднанняў.
Выбарчыя органы павінны быць у стане працаваць незалежным і бесстароннім чынам, незалежна ад іх складу. Гэтыя органы павінны быць адкрытымі, празрыстымі і максімальна арыентаванымі на правядзенне кансультацый у ходзе прыняцця сваіх рашэнняў і даваць доступ да адпаведнай інфармацыі ўсім зацікаўленым бакам (A/HRC/49/42 даклад Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека). |
Хто выключаецца ўжо на этапе рэгістрацыі кандыдатаў?Удзельнічаць у выбарах дэпутатаў парламента змогуць паўналетнія беларусы, а ў мясцовыя Саветы – яшчэ і расіяне з відам на жыхарства ў Рэспубліцы. Згодна з заканадаўствам, у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў могуць балатавацца грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Тут юрысты адзначаюць, што пад пагрозай пазбаўлення грамадзянства знаходзяцца практычна ўсе тыя, хто быў вымушаны з'ехаць з Беларусі ў сувязі з палітычным пераследам у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненні цяжкай шкоды нацыянальным інтарэсам (арт. 19 Закона "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь"). Пазбаўленне грамадзянства з'яўляецца дадатковым відам пакарання і накіраванае на абмежаванне ажыццяўлення асноўных свабод, у тым ліку права ўдзелу ў кіраванні дзяржавай. Згодна з артыкулам 10 Канстытуцыі, міжнародна-прававым стандартам: ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства або права змяніць грамадзянства. Згодна з артыкулам 58 Выбарчага кодэкса і міжнароднай дамовы Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў могуць і грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Гэта норма ў ВК існуе з 2000-га года.
Але ў гэтым выпадку варта звярнуць увагу, што выбарчае права на сёння ў Беларусі, акрамя грамадзян нашай краіны, маюць толькі грамадзяне Расійскай Федэрацыі — краіны, што развязала вайну супраць Украіны ды іншыя канфлікты з суседнімі краінамі за тэрыторыю і свае палітычныя інтарэсы. У Палату прадстаўнікоў могуць вылучацца грамадзяне, якія дасягнулі ўзросту 21 года, а ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — 18-ці. Паведамляецца, што такіх па краіне ўсяго 12 тысяч чалавек.
Дзяржаве варта спрыяць удзелу моладзі ў палітычным жыцці (A/HRC/39/28). Для кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў прадугледжаны цэнз аселасці па краіне — ён павінен пастаянна пражываць у Рэспубліцы Беларусь, а кандыдат у мясцовыя Саветы дэпутаты — пражываць або працаваць на тэрыторыі мясцовага Савета дэпутатаў. Праваабаронцы звяртаюць увагу пры гэтым, што па розных ацэнках, ад 200 да 500 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля 9 жніўня 2020 года па палітычных матывах. Менавіта столькі патэнцыйных кандыдатаў, зацікаўленых у палітычным і грамадзянскім жыцці сваёй краіны і рэгіёну, не змогуць узяць удзел у выбарах*. З пункту гледжання міжнародных стандартаў, сапраўдныя выбары, якія перыядычна праводзяцца, застаюцца адным з найбольш распаўсюджаных і эфектыўных спосабаў удзелу людзей у вядзенні дзяржаўных спраў. Як ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (артыкул 2), так і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 2) утрымліваецца палажэнне, якое прадугледжвае, што правы чалавека (уключна з правам на ўдзел у справах дзяржавы) павінны ажыццяўляцца без любой дыскрымінацыі, у тым ліку па прыкмеце палітычных ці іншых перакананняў. Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян з'яўляецца недапушчальным і павінна карацца згодна з законам – пазначана ў Канстытуцыі Беларусі, але фактычна ігнаруецца ўладамі. Разам з тым, права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў, а таксама права балатавацца на выбарныя пасады, патрабуе, каб жыццё, фізічная недатыкальнасць, свабода, бяспека і прыватнае жыццё ўсіх чальцоў грамадства, у тым ліку журналістаў і праваабаронцаў, знаходзіліся пад пастаяннай абаронай. Дзяржавам варта стварыць і падтрымліваць бяспечныя і спрыяльныя ўмовы, якія спрыяюць ажыццяўленню права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў, а таксама заахвочваць прынцыпы адкрытасці і празрыстасці ва ўсіх аспектах працэсаў, звязаных з прыняццем рашэнняў і падсправаздачнасці органаў дзяржаўнай улады для ажыццяўлення права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў (A/HRC/39/28 даклад Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека). |
У якіх выпадках могуць адмовіць у рэгістрацыі кандыдату ў дэпутаты?Спіс падстаў для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты замацаваны ў артыкуле 68-1 Выбарчага кодэкса. Так, выбарчая камісія адмаўляе ў рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты ў выпадку, калі ў дачыненні да чалавека суд вынес рашэнне аб пазбаўленні яго поўнай дзеяздольнасці.
Адзначым, што асоб, якія прызнаюцца судом недзеяздольнымі ў Беларусі, кожны год больш за дзве тысячы. Паводле статыстыкі, апублікаванай на сайце Вярхоўнага суда, у 2022 годзе такімі былі прызнаныя 2 443, за першае паўгоддзе 2023-га — 1 294. Паводле той жа статыстыцы Вярхоўнага суда ў 2022 годзе да пазбаўлення волі былі асуджаныя 8 605, у першым паўгоддзі 2023-га — 3 893. Усе гэтыя грамадзяне пазбаўленыя права ўдзел у выбарах. Таксама падставай для адмовы ў рэгістрацыі ў якасці дэпутатаў з'яўляецца наяўнасць грамадзянства (падданства) іншай дзяржавы і (або) дакументаў замежных дзяржаў, якія прадстаўляюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю. Выключэннем з'яўляецца толькі грамадзянства Расійскай Федэрацыі. Не будуць зарэгістраваныя кандыдатамі асобы, якія па прысудах адбываюць пакаранні ў месцах пазбаўлення волі. Пры гэтым, не адзначаецца ні від пакарання, ні цяжар здзейсненага злачынства. Таксама падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з'яўляецца наяўнасць абвінаваўчага прысуду суда, які ўступіў у законную сілу.
Падставай для адмовы з'яўляецца наяўнасць не знятай або непагашанай судзімасці за ўчыненае злачынства ў дачыненні да асобы, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў.
Як адзначаюць АБСЕ, пасля адбыцця пакарання права балатавацца на выбарныя пасады павінна аднаўляцца аўтаматычна (арт. 69 Кіраўніцтва па назіранні за выбарамі АБСЕ). Таксама адмовяць у рэгістрацыі, калі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс.
Таксама падставай для адмовы з'яўляецца даказаны факт прымусу ў працэсе збору подпісаў і ўзнагароджання выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу. Як адзначаюць праваабаронцы, два апошнія факты з'яўляюцца распаўсюджанай практыка ў таталітарных дзяржавах, дзе выбары не з'яўляюцца дэмакратычным інстытутам. Выкрыць іх нескладана, але давесці да суда – практычна немагчыма. Калі вы сутыкнуліся з такой з'явай, то паведаміце пра гэта праваабаронцам бяспечным для сябе спосабам.Перадаваць інфармацыю кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Паведаміць аб парушэнні можна праз Google-форму або звязацца з намі праз "гарачую лінію" @viasnaSOS і @viasnainfo. Вось тут можна знайсці Памятку па бяспецы |
Якія ёсць гарантыі абароны свайго актыўнага выбарчага права?Пры адмове выбарчай камісіяй у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты закон прадугледжвае магчымасць падачы скаргі ў вышэйстаячую выбарчую камісію ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння, а рашэнне абласной, Мінскай гарадской выбарчай камісіі ў той жа тэрмін можа быць абскарджана ў абласны, Мінскі гарадскі суд. Суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін і яго рашэнне з'яўляецца канчатковым.
|
Для мэтаў дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Як (не)стаць кандыдатам у дэпутаты на выбарах*2024: чаканне і рэальнасць