15.01.2024 Тэгі: выбары-2024 Акруговыя выбарчыя камісіі ў Гродзенскай вобласці па стане на 15 студзеня зарэгістравалі толькі 14 ініцыятыўных груп на 13 выбарчых акругаў. Гэта значыць, што на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў толькі на адным участку ў выбаршчыкаў будзе альтэрнатыва, і тое сумнеўная. Толькі трое будучых кандыдатаў – дзейныя дэпутаты, астатнія – новыя асобы.
Амаль па ўсёй вобласці – выбары безальтэрнатыўныя
Паводле аналізу, зробленага Hrodna.life, з патэнцыйных дэпутатаў восем – сябры “Белай Русі", пяць — беспартыйныя, адзін — сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Нікому ў Гродзенскай вобласці ў рэгістрацыі не адмовілі.
Альтэрнатыва на выбарах будзе толькі на Гарадзенскай памежнай акрузе № 53 у Бераставіцкім раёне. Там за мандат будуць "змагацца” начальнік Бераставіцкай раённай ветэрынарнай станцыі Аляксандр Баярчук і старшыня Бераставіцкага райвыканкама і сябра» Белай Русі" Антон Кулісевіч.
Вернуцца ў крэслы дэпутатаў толькі трое
З дзейных дэпутатаў абірацца зноўку ў Гародні збіраецца толькі Алена Патапава па Гарадзенскай-Кастрычніцкай акрузе № 50. Яшчэ двое збіраюцца пераабрацца ў вобласці: гэта Аляксандр Сангін – на Замкавай акрузе № 57 (у акругу ўваходзяць Карэліцкі і Навагрудскі раёны, а таксама частка Лідскага) і Валянцін Семяняка – па Слонімскай акрузе № 58.
Астатнія прэтэндэнты – гэта дырэктары дзяржустаноў, начальнікі, ідэолаг з Пагранкамітэта і кіраўнік прафсаюзаў — у дзеючым скліканні парламента не засядаюць. Хоць сярод іх ёсць і адзін палітычны цяжкавагавік — Міхаіл Орда, кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў. Ён ужо быў у розных палатах беларускага парламента ў 2000-2012 і 2016-2019 гадах, а ў 2020 узначальваў ініцыятыўную групу Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.
Жадаючых ісці ў дэпутаты ўсё менш
У Беларусі на 110 мандатаў зарэгістравана 169 ініцыятыўных групы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання. У параўнанні з выбарамі сёмага склікання, якія прайшлі 17 снежня 2019 года, іх стала менш на 37,86% — тады ЦВК зарэгістраваў 272 групы. У 2016 годзе зарэгістраваных кандыдатаў было яшчэ больш — 521 — і тады ў парламент нават прапусцілі двух апазіцыянераў.
Нагадаем, 15 студзеня а 19-ай гадзіне выбарчыя камісіі завяршаюць прыём дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты
З 16 па 30 студзеня члены тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій правераць дакументы на прадмет адпаведнасці патрабаванням Выбарчага кодэкса і прымуць рашэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: Амаль па ўсёй Гродзенскай вобласці – выбары безальтэрнатыўныя