17.01.2024 Тэгі: выбары-2024"Барысаў-арэна". Ілюстрацыйнае фота Барысаўскі раённы выканаўчы камітэта 12 студзеня прыняў рашэнне "Аб некаторых пытаннях арганізацыі і правядзення выбараў дэпутатаў", якім вызначылі месцы для перадвыбарнай агітацыі, для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў па выбарах дэпутатаў, памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізавалі гэтае рашэнне і параўналі з аналагічным рашэннем у 2019 годзе. 

Рашэннем Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта, як гэта было і падчас мінулых выбараў, вызначаны:

  • месцы для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюцца кандыдатамі ў дэпутаты, іх даверанымі асобамі з мэтай ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі;
  • месцы на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў па выбарах дэпутатаў;
  • памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, таксама для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі.

Фактычна падобныя афіцыйныя дакументы вызначаюць умовы правядзення перадвыбарнай агітацыі на мясцовым узроўні. Калі параўняць сёлетняе рашэнне з аналагічным рашэннем Барысаўскага райвыканкаму ў 2019 годзе падчас мінулых парламенцкіх выбараў, то можна казаць аб значным пагаршэнні ўмоваў агітацыі для іх ўдзельнікаў.

Напрыклад, у 2019 годзе ў Барысаўскім раёне можна было праводзіць масавыя мерапрыемствы, якія арганізуюцца кандыдатамі ў дэпутаты і іх даверанымі асобамі, у любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах, за выключэннем тэрыторыі аўтавакзала і аб’ектаў чыгуначнага транспарту Барысаўскага раёну, а таксама цэнтральнай плошчы горада Барысава. Сёлета масавыя мерапрыемствы агітацыйнага характару можна праводзіць толькі ў адным месцы – на заходняй трыбуне "Барысаў-Арэны".

Друкаваныя агітацыйныя матэрыялы ў 2019 годзе можна было размяшчаць у дазволеных месцах, спіс якіх у адпаведным рашэнні Барысаўскага выканкаму налічваў 10 пазіцый. Падчас цяперашняй кампаніі гэты спіс сціснуўся да чатырох пазіцый. Скарачэнне адбылося не за кошт таго, што пазіцыі ўвабралі ў сябе большую наменклатуру дазволеных месцаў, а менавіта таму, што большая частка іх проста адсутнічае ў новым рашэнні. У ім няма інфармацыйных стэндаў аддзяленняў сувязі, інфармацыйна-рэкламных тумб, стэндаў, дошак аб’яў на прыпыначных пунктах транспарту агульнага карыстання, інфармацыйных стэндаў банкаў, інфармацыйных стэндаў арганізацый, у будынку якіх размешчаныя ўчасткі для галасавання і шмат чаго іншага.

Нарэшце, пералік памяшканняў для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, а таксама для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі, у 2019 годзе ў адпаведным рашэнні райвыканкама налічваў 33 пазіцыі. Цяпер ён скараціўся да 13 пазіцый. З пераліку зніклі такія знакавыя месцы, як Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка, раённы цэнтр народнай творчасці, Лядзішчанскі цэнтр культуры і адпачынку, а таксама шматлікія сельскія клубы і дамы. Зніклі, дарэчы, і стылізаваныя зорачкі каля назваў установаў, якімі раней пазначалі безбар’ерныя памяшканні, прыдатныя для галасавання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. На ўчастках для галасавання іх больш не чакаюць?

"Гэта ж трэба было так напалохацца ў 2020 годзе, каб амаль праз чатыры гады ва ўмовах адсутнасці якой-кольвек рэальнай палітычнай альтэрнатывы, уводзіць такія драконаўскія захады для мэтаў агітацыі для ўдзельнікаў выбараў*. А калі яшчэ ўлічыць, што праз іголкавае вушка якому-небудзь апазіцыйна настроенаму кандыдату зараз пралезці лягчэй, чым праз дзяржаўнае псеўдавыбарчае сіта, то логіка барысаўскіх уладаў робіцца ўвогуле незразумелай. Дый ці толькі барысаўскіх? Дый ці варта шукаць тут нейкую логіку?" — падсумоўвае праваабаронца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Толькі адно месца для масавых мерапрыемстваў для кандыдатаў: драконаўскія абмежаванні для агітацыі ў Барысаўскім раёне