18.01.2024 Тэгі: выбары-2024 Заклапочанасць Цэнтральнай камісіі абаронай персанальных дадзеных, якая ўжо прывяла да ўстойлівай ананімізацыі членаў выбарчых камісій, пакуль яшчэ не распаўсюдзілася на іншых непасрэдных удзельнікаў выбараў*. Але, як адзначае манітор кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", наступствы могуць быць, мякка кажучы, сумнымі, калі чыноўнікі раптам вырашаць, што публікацыя імёнаў кандыдатаў у дэпутаты стварае "почву для организации разного рода буллинга, угроз и прочего", напрыклад. Канешне, "…это не значит, что люди будут безымянными: придя к себе" ва ўтульны службовы кабінецік пасля выбараў*, кожны дэпутат будзе дакладна ведаць, што гэта менавіта яго "абралі" на пачэсную пасаду і менавіта яму даручылі гонар "прадстаўляць народ" на высокім узроўні. Можна нават дапусціць, што калі яго "фамилия нужна [будет] для конкретных ситуаций", яе змогуць паведаміць зацікаўленаму выбаршчыку. Калі толькі такія цікаўныя ў агляднай будучыні ўвогуле застануцца. Бо ўсё сведчыць пра тое, што ўлады робяць так, каб гэты самы інтарэс да электаральнага працэсу ў выбаршчыкаў адбіць. Але што засталося ад права на інфармаванне выбаршчыкаў, якое пакуль яшчэ прапісана ў адным з артыкулаў Выбарчага кодэкса. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" аналізуе спіс вылучэнцаў у кандыдаты ў парламент ад Міншчыны.
Персанальныя звесткі аб асобах, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, усё яшчэ працягваюць публікавацца і днямі з’явіліся на сайце Мінскага аблвыканкама ў адпаведным раздзеле. На 17 месцаў у заканадаўчым органе прэтэндуюць 38 чалавек. На кожнае месца ў Палаце прадстаўнікоў ідзе праўладны кандыдат і яшчэ адзін ці нават два праўладных кандыдата. Бо іншых проста няма.
"Ілюзія выбараў размазана па ўсіх акругах тонкім слоем набіраючай абароты псеўдаканкурэнцыйнай барацьбы. Не маючы шанцаў на перамогу над сваімі апанентамі у адкрытым і роўным паядынку, улада прыдумала канкурыраваць сама з сабой", – каментуе сітуацыю манітор кампаніі.
З 38 асоб, вылучаных у кандыдаты, членамі партыі "Белая Русь" з’яўляюцца 15 чалавек, ЛДПБ – тры чалавекі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – тры чалавекі, Камуністычнай партыі Беларусі – адзін чалавек. Яшчэ 16 чалавек – умоўна беспартыйныя.
"Чаму ўмоўна? Таму што амаль усе яны – функцыянеры ў той ці іншай ступені, але каб прадэманстраваць "непарушны блок" вядучай партыі і беспартыйных, трэба, каб частка кіруючай эліты заставалася па-за партыйнымі шэрагамі. Для поўнай імітацыі дэмакратыі да "непарушнага блока" дазволена прытуліцца яшчэ пары-тройцы прадстаўнікоў іншых "канструктыўных" партый".
З 38 вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 33 чалавекі – гэта дырэктары, начальнікі ўпраўленняў, намеснікі па ідэалогіі, галоўныя дактары і спецыялісты, першыя сакратары, кіраўнікі і іншыя начальнікі і старшыні розных масцей. Сярод іх ёсць нават міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і дзейсны дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шыпула.
Міністарка працы і сацабароны — на Дзяржынскай акрузе, намесніца старшыні КДК — на Вілейскай. Хто збіраецца ў дэпутаты ад Мінскай вобласці
З 16 беспартыйных асоб усяго толькі тры чалавекі не належаць да дырэктарскага-кіраўнічага пула: прадавец-кансультант, настаўнік і ваеннаслужачы. Але так падаецца толькі да таго часу, пакуль не капнуць глыбей. Сціплы "ваеннаслужачы" вайсковай часткі № 03940 Анатоль Булаўка не хто іншы як намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай працы – начальнік упраўлення. Настаўнік Барысаў выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў "Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце" і ў 2018 годзе быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі "Выдатнік адукацыі" за добрасумленную плённую працу, высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення. Ягоны фотаздымак упрыгожвае сайт Міністэрства адукацыі. Звесткі аб прадаўцы-кансультанты ў адкрытым доступе адсутнічаюць. Магчыма, ён таксама мае нейкія дасягненні, якія дазволілі яму прабіцца скрозь сіта першапачатковага адбору.
"Задушанае інфармацыйнае асяроддзе і татальны кантроль над грамадствам". Гаворым з праваабаронцам аб праблемах і рэаліях выбараў*