19.01.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 MAYDAY паведамляе, што ў Крычаве за адзіны дзень галасавання агітавалі школьнікаў, якія не могуць галасаваць праз узрост.
БРСМ даў справаздачу аб правядзенні ў сярэдняй школе №3 дыялогавай пляцоўкі пад назвай "Выбары маладому выбаршчыку". Такімі названыя школьнікі 15-16 гадоў, якія не будуць галасаваць ні ў 2024-м, ні ў 2025-м гадах.
Тым не менш, у межах пасяджэння "Школы актыўнага грамадзяніна" першая сакратарка райкаму БРСМ Ірына Крывушына распавяла аб правядзенні Адзінага дня галасавання 25 лютага. А сакратарка Анастасія Уласава заявіла, што падлеткі ўжо цяпер мусяць уключацца ў грамадска-палітычнае жыццё, каб потым зрабіць "усвядомлены выбар".
"Школа актыўнага грамадзяніна" — гэта ідэалагічны праект для навучэнцаў 8-11 класаў. У гэтым навучальным годзе ён праходзіць пад лозунгам "Радзіма мая Беларусь у асобах". Мерапрыемствы праводзяцца ў чацвёрты чацвер месяца, каб "фармаваць маральна спелую і палітычна пісьменную асобу навучэнцаў".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: У Крычаве агітуюць школьнікаў, якія не могуць галасаваць праз узрост