22.01.2024 Тэгі: выбары-2024Анатоль Разановіч. На старонках Смаргонскай раённай газеты "Светлы Шлях" з заклікамі “прыйсці на выбары і прагаласаваць” выступіў 22 студзеня настаяцель храма Праабражэння Гасподняга Анатоль Разановіч. Удзел у выбарах святар расцэньвае, як “паслухмянасць перад народам і дзяржавай”.

“Мы жывем у невялікім горадзе. І тыя людзі, якія вылучаюць свае кандыдатуры ў дэпутаты, ужо знаёмыя большасці смаргонцаў. Дэпутаты, якія будуць прадстаўляць наш рэгіён у парламенце – гэта годныя людзі, гатовыя клапаціцца пра нас. Менавіта яны здольныя прасоўваць нашы ідэі на самым высокім узроўні”, – пераконвае землякоў настаяцель.

Але адкуль выбарцам са Смаргоні ведаць пра старшыню Астравецкага райвыканкама Ігара Шалудзіна, дырэктара ТАА “Гандлёвы дом "Гродстаб" Аляксандра Ігнаценку з Гародні альбо дырэктара Кемелішскай сярэдняй школы ізноў жа з Астравецкага раёна Аляксандра Іванцэвіча?

Сярод трох прэтэндэнтаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія балатуюцца па Смаргонскай выбарчай акрузе №59, няма ніводнага смаргонца.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Крыніца: Святар са Смаргоні заклікае да “паслухмянасці перад народам і дзяржавай”