22.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм У Брэсцкім абласным судзе 18 студзеня да двух з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі інжынера-энергеціка Аляксандра Бойку, піша "Берасцейская Вясна". Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за адпраўку ў адзін з тэлеграм-чатаў відэа з ваеннай тэхнікай. Пад вартай мужчына ўтрымліваецца тры месяцы.

boika_alex.jpeg
Аляксандр Бойка. Фота з сацсетак

Вядома, што мужчына затрымалі 24 кастрычніка 2023 года, пасля чаго на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з ім, дзе паведамлялася, што Аляксандра затрымалі за адпраўку ў чат відэа з ваеннай тэхнікай. Што гэта быў за чат — не ўдакладняецца.

"На той момант быў спалоханы, таму выклаў відэа на эмоцыях. У гэтым чаце быў наратыў, што вось-вось пачнуцца ваенныя дзеянні паміж Беларуссю і Украінай", — кажа інжынер.

У роліку паказалі скрыншоты з чата. У тлумачэнні да відэа з вайсковай тэхнікай гаворыцца, што яна рухаецца па трасе М1 у бок Брэста. Калі гэта было знята, невядома.

boika_alex_doc.png
Скрыншот з тг-канала "Первый Рубеж"

Прысуд 18 студзеня вынес Дзмітрый Карасінскі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў Генадзь Буры. У Аляксандра трое дзяцей.

Падтрымайце вязня лістамі, бандэролькамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-7, 224030, Брэст, Савецкіх памежнікаў, 37, Аляксандр Мікалаевіч Бойка

Крыніца: За відэа з ваеннай тэхнікай інжынера з Брэста асудзілі да 2,5 гадоў калоніі