27.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм Мінскі гарадскі суд вынес прысуд палітзняволенаму Андрэю Савінскаму, абвінаваціўшы яго ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч.1 арт. 130 КК) і фінансаванні экстрэмісцкай дзйнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК). Справу разглядала суддзя Вера Галаўкова.
Напачатку Андрэя Савінскага затрымалі па адміністрацыйнай справе і паводле арт 19.11 КаАП прысудзілі 15 сутак арышту, аднак пасля адбыцця пакарання на волю ён не выйшаў. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.
Судовы працэс пачаўся 26 кастрычніка 2023 года і доўжыўся да 15 лістапада. Прысуд стаў вядомы толькі зараз.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Савінскі за паўтары гады перавёў на рахункі фондаў, прызнанымі экстрэмісцкімі, суму, эквівалентную 50 далярам. Пры гэтым неаднаразова выкарыстоўваў свой акаунт ў Facebook.
Таксама ён у адным з тэлеграм-чатаў вырабіў і размясціў чатыры тэкставыя паведамленні, нібыта скіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці ў грамадстве.
Суд прызнаў Савінскага вінаватым і на падставе ч.1 арт. 130 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады.
За прадастаўленне грашовых сродкаў для заведамага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці на падставе ч.1 арт. 361-2 КК (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2021 года №112-З) прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады.
За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна (ч.2 арт. 361-2 КК) – пазбаўленне волі на тэрмін пяць гадоў са штрафам у памеры 200 базавых велічынь у суме 7 400 рублёў.
Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім і канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічынь у суме 7 400 рублёў.
Падтрымайце палітвязня: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Андрэй Юр’евіч Савінскі.
Крыніца: Вынесены суровы прысуд жыхару Мінска, які "данаціў" і распальваў сацыяльную варожасць