29.01.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 MAYDAY паведамляе, што Асіповічы сталі першым горадам, які наведала місія назіральнікаў ад СНД. Назіральнікі наведалі мясцовы вагонабудаўнічы завод, Асіповіцкі філіял ААТ "Бабушкина крынка" і краязнаўчы музей, а вадзіў іх па горадзе асабіста старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі.
Што тычыцца саміх выбараў, то доўгатэрміновыя назіральнікі ўзялі ўдзел у пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі №89, старшынёй якой з'яўляецца кіраўнік спраў Асіповіцкага райвыканкама Юрый Данянкоў. АВК зарэгістравала двух кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. І відавочным фаварытам быў Алег Дз'ячэнка, дзеючы член Савета Рэспублікі, чалец партыі "Белая Русь", рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яго спарынг-партнёрам з'яўляецца старшыня кіравання Клічаўскага райспажыўтаварыства, камуніст Віктар Ворахаў.
Пасля лёсавання па размеркаванні эфіраў на ТБ і радыё назіральнік ад Кыргызстана Тактасун Сабыраў адзначыў, што ніякіх парушэнняў назіральнікі ад СНД пакуль не заўважылі. Такога ж меркавання прытрымліваюцца яго калегі Ігар Грахоўскі і Алена Шамаль.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Місія назіральнікаў за выбарамі ад СНД у Асіповічах хадзіла па заводах з экскурсіямі