31.01.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя Судом Першамайскага раёна Віцебска 29 студзеня разгледжаная крымінальная справа па абвінавачванні 43-гадовага Дзмітрыя Палякова ў абразе прадстаўнікоў ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка.

Паводле абвінавачання, 28 жніўня, 7 верасня і 27 верасня 2021 года, знаходзячыся на тэрыторыі Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Дзмітрый Палякоў размясціў у «Telegram» у агульнадаступнай публічнай групе, інфармацыйная прадукцыя якой прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі, абразлівыя каментары, якія змяшчаюць ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаюць аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўнікоў улады – кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў. Палякоў патлумачыў суду, што ў той час падвергнуўся ўплыву інфармацыі, якая змяшчаецца ў дэструктыўных тэлеграм-каналах і сетцы Інтэрнэт. Судом таксама прынята пад увагу, што абвінавачаны ў кастрычніку 2023 года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і захоўванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у мэтах яе распаўсюджвання, яго злачыннымі дзеяннямі была нанесена шкода аўтарытэту дзяржаўнай улады. Прысудам суда Дзмітрый Палякоў прызнаны вінаватым у абразе прадстаўнікоў ўлады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў і яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 100 базавых велічынь. Таксама з Палякова спагнаная кампенсацыя маральнай шкоды на карысць траіх пацярпелых на агульную суму 5500 рублёў.

Крыніца: Жыхар Віцебска атрымаў паўтары гады калоніі за абразу супрацоўнікаў міліцыі