31.01.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Савецкага раёна Мінска 18 снежня 2023 года асудзілі Мікіту Кавалеўскага паводле  ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Мікіту два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").

Суд Савецкага раёна Мінска.

Мінчука абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Ён цалкам прызнаў віну. Мужчыну апазналі па відэазапісу з акцыі пратэсту ў ягоным тэлефоне і па даных аб ягоным месцазнаходжанні ад мабільнага аператара. А таксама ў Мікіты знайшлі байку з каптурам, у якой ён быў на мітынгу.  

Паводле судовай пастановы, "здзейсненае абвінавачаным злачынства стварае атмасферу ўседазволенасці".Пасля абвяшчэння прысуда мужчыну вызвалілі ў судовай зале. 

Мікіта Кавалеўскі мае вышэйшую адукацыю, беспрацоўны.

Крыніца: "Стварае атмасферу ўседазволенасці". Мінчука асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыі пратэстаў