31.01.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 "Віцебская Вясна" паведамляе, што на 40 дэпутацкіх месцаў Віцебскім гарвыбаркамам зарэгістраваныя 72 кандыдаты. Пасля рэгістрацыі канкурэнцыя скарацілася да 1,8 прэтэндэнта на мандат гарсавета, г.зн. у васьмі акругах выбаршчыкаў пазбавілі права на альтэрнатыву.

Паказальна, што без канкурэнцыі ў гарсавет сабраліся цяперашні яго старшыня Уладзімір Бялевіч і намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын. Ад мясцовых аддзяленняў партый вылучаны 33 кандыдаты ў дэпутаты (амаль 46% ад іх агульнай колькасці прэтэндэнтаў). На чарговы тэрмін гатовыя абірацца дзесяць дзеючых дэпутатаў гарсавета.

З першапачатковых 80 прэтэндэнтаў не прайшлі рэгістрацыю 7 чалавек. Яны зрабілі памылкі ў дэкларацыях аб даходах і маёмасці. Больш за палову з іх не адлюстравалі ў дэкларацыях атрыманыя даходы, прычым у трох выпадках было перавышэнне больш чым на недапушчальныя законам 20%. Былі і тыя, хто не ўказаў інфармацыю аб наяўнасці нерухомасці або аўтамабіля. Таксама дзейны дэпутат Ігар Курганаў зняў сваю кандыдатуру па сямейных абставінах.

Агітацыю пачалі 15 сябраў Беларускай партыі «Белая Русь», 13 актывістаў ЛДПБ і пяцёрка з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Камуністычная партыя Беларусі не будзе прадстаўлена ў гарсавеце наступнага склікання. Агітацыйныя партыйныя спрэчкі адбудуцца ўсяго ў трох акругах. З іх у двух выпадках перадвыбарчы «дэбаты» адбудуцца паміж прадстаўнікамі «Белай Русі» і ЛДПБ, у адной акрузе сышліся два кандыдаты ад адной партыі – «Белая Русь». Яшчэ ў пяці акругах саперніцтва разгорнецца паміж беспартыйнымі кандыдатамі. Па астатніх канкурэнцыю партыйным актывістам складуць беспартыйныя кандыдаты.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: На 40 дэпутацкіх месцаў Віцебскім гарвыбаркамам зарэгістраваныя 72 кандыдаты