02.02.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 "Віцебская Вясна" паведамляе, што ў Пастаўскай выбарчай акрузе №29 вылучаныя тры кандыдаты, сярод іх — Ігар Сяргіенка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, якога, верагодна, і прызначаць у Палату прадстаўнікоў. Ён пазначаны як беспартыйны і высоўваецца ад працоўных калектываў.

Канкурэнцыю яму складаюць Дзмітрый Андрэйчык, кіраўнік фермерскай гаспадаркі «АНДРЭІЧыК» з пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна. Ён вылучаны ад ліберальна-дэмакратычнай партыі. А таксама Ірына Мурашка — першы сакратар Браслаўскага БРСМ і сябра партыі “Белая Русь”, яна высоўваецца ад гэтай жа партыі.

Старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік разам з начальнікам пастаўскага РАУС Дзмітрыем Куталёвым ездзяць па працоўных калектывах Пастаўшчыны, распавядаюць пра выбары і заклікаюць людзей да актыўнага ўдзелу ў іх. Сяргей Чэпік, сустракаючыся з працоўным калектывам ЖКГ, параіў людзям добра вывучыць і асэнсаваць, хто годны прадстаўляць іх інтарэсы ў парламенце. Ён лічыць слушным аддаць голас за людзей, якіх усе ведаюць, якія сваёй працай і прафесіяналізмам заслужылі павагу. ЦІкава, што гучыць гэта як заклік галасаваць за фермера Дзмітрыя Андрэйчыка, якога на Пастаўшчыне ведаюць больш, чым кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Сяргіенку. Як і раней, для ўладаў галоўнае цяпер — гэта паказаць высокую яўку. Таму Сяргей Чэпік у сваёй прамове да працоўных калектываў ужываў пафасныя выразы, заклікаючы пастаўчан да выбараў. 

У выбарчую акругу №29 уваходзяць Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Браслаўскі раёны. На Пастаўшчыне створаныя дзве акругі па выбарах так званых дэпутатаў абласнога савета, 28 – раённага і 60 – сельскіх саветаў.На тэрыторыі Пастаўскага раёна ўтворана 25 участковых выбарчых камісій. Вылучэнне кандыдатаў усіх узроўняў завяршылася. Выбарчыя камісіі пачалі праверку дакументаў.

Выбары*2024. Аналітычная справаздача аб утварэнні ўчастковых камісій

Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі.

Наступны этап — рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. 31 студзеня пачаўся агітацыйны перыяд, падчас якога так званыя кандыдаты ў дэпутаты могуць публікаваць свае праграмы, сустракацца з калектывамі, ладзіць пікеты.

"Праабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: У Пастаўскім раёне вылучаныя кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў