06.02.2024 Тэгі: адміністратыўны пераслед, палітвязні, рэпрэсіі, затрыманні, вайна ва Украіне Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У студзені праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 560 фактаў рэпрэсій, з якіх мінімум 310 — затрыманні.Гэта прыкладна па 10 затрыманых у дзень. Таксама ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 349 адміністрацыйных справаўСуды прызначылі не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў і 77 штрафаў. "Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў студзені. 

Вынікі рэйду на сем'і палітвязняў

Па ўсёй Беларусі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. Паводле "Вясны", па стане на 30 студзеня пад пераслед трапілі сама меней 200 чалавек. Пасля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні. 

У выніку некалькі дзясяткаў чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных спраў, а некаторых затрымалі ў межах крымінальных справаў.

Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча, размаўляе з валанцёрамі. Фота: spring96.org

Супраць тых, у каго сілавікі знайшлі "экстрэмісцкія рэпосты і падпіскі", або тых, хто "крычаў і размахваў рукамі падчас гутаркі з міліцыянтамі", былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Так, напрыклад, жонку палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча — Марыну Адамовіч — асудзілі да 15 сутак за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП).

"Хто дапамагае з перадачамі?" Падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў

"Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра масавы пераслед родных палітзняволеных, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе рэйд КДБ і нагадвае пра важныя меры бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць пераследа.

Таксама пасля затрымання не выпусцілі і былога палітвязня Аляксея Раманава, у якога раней дыягнаставалі анкалогію. Яго забралі на допыт у КДБ па падазрэнні ва ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні". Як стала вядома "Свабодзе", пасля шматгадзіннага допыту ў гомельскім упраўленні КДБ Аляксей трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Увечары таго дня яго падвезлі пад ягоны дом, каб сваякі перадалі яму рэчы і лекі. Пазней Раманава асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Палачанку Людмілу Анашкевіч арыштавалі на 15 сутак за "экстрэмісцкую" спасылку ў прыватнай перапісцы. Супрацоўнікі КДБ забралі ў яе мабільны тэлефон і лісты палітзняволенай лідаркі незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгі Брыцікавай. Падставай для складання пратакола стала прыватная перапіска са знаёмым, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы: жанчына пераслала яму спасылку на артыкул з рэсурса, які прызналі "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй".

Таксама стала вядома, што некалькі чалавек асудзілі да штрафаў паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. 

У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе новую рэпрэсіўную практыку беларускіх уладаў.

Былога палітвязня і журналіста Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак

Былы карэспандэнт незалежнага сайта "Першы Рэгіён" Сяргей Гардзіевіч з Драгічына быў затрыманы 24 студзеня. Супраць яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за рэпост у сацыяльных сетках публікацыі з сайта "Ганцавіцкі час".

Як паведамляе "БАЖ", 26 студзеня ў судзе Драгічынскага раёна разглядзелі справу Сяргея. Суддзя Юлія Кукса прызнала яго вінаватым і асудзілі да 15 сутак арышту. Пры гэтым, як адзначае "БАЖ", суддзя не прыняла да ўвагі тое, што ў Сяргея значна пагоршылася здароўе: ён страціў прытомнасць і вымушаны быў неаднаразова звяртацца да лекараў.

За "экстрэмізм" у "Аднакласніках" аштрафавалі жыхарку Наваполацка

Суддзя Зінаіда Балаболава 11 студзеня за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" пакарала штрафам у памеры 600 рублёў удзельніцу Школы ўсходняга танца "Джан" Вольгу Сачыўку.

У судовым пасяджэнні стала вядома, што Вольга на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" мела спасылкі на інтэрнэт-супольнасць з назвай "STOP LUKA" і інтэрнэт-старонку з назвай "Belsat". Жанчына ў судзе віну прызнала, на даследаванні доказаў па справе не настойвала, піша "Віцебская Вясна".

Таццяну Севярынец аштрафавалі на 5 400 рублёў

Таццяна Севярынец. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Нагадаем, пра затрыманне маці палітзняволенага Паўла Севярынца стала вядома 9 студзеня. Пасля затрымання жанчына трапіла ў бальніцу, а пазней яе адпусцілі дадому. Супраць жанчыны склалі два пратаколы: за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП) і "несанкцыянаванае пікетаванне" (арт. 24.23 КаАП).

25 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска разглядзелі справу Таццяны. Вынікам стаў штраф памерам у 5 400 рублёў (135 базавых велічыняў).

Маці непаўнагадовага дзіця, затрыманую на мяжы, асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

У Воранаве 3 студзеня адбыўся суд над жанчынай, якая выхоўвае маленькае дзіця. Паводле матэрыялаў справы, у пункце пропуска "Беняконі" падчас праверкі тэлефона ў жанчыны знайшлі падпіску ў Instagram на "экстрэмісцкі" акаўнт. Суд прызначыў ёй 25 базавых велічыняў штрафу (1 000 рублёў).

Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год

"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.

Двух "хімікаў" асудзілі за "экстрэмісцкія" падпіскі

У сярэдзіне студзеня ў Гродна і Пружанах адбыліся суды над двума асуджанымі да абмежавання волі, якія цяпер адбываюць тэрміны ў ПУАТ-24 і ПУАТ-7. Прычынай для складання пратаколаў паводле 19.11 КаАП сталі падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы. У выніку аднаго мужчыну арыштавалі на 15 сутак, а другому прызначылі штраф памерам у 30 базавых велічыняў (1 200 рублёў).

Трэці раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскай стачкі

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 9 студзеня за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў арыштавала на 15 сутак работніка ААТ "Нафтан Аляксандра Ляшкова. Гэта трэцяя запар адміністрацыйная ізаляцыя ўдзельніка стачкі 2020 года, якая вылічаецца 44-мя суткамі.

Паводле рапарту міліцыянта з Наваполацкага ГАУС, Аляксандр быў зарэгістраваны ў мэсэнджэры "Telegram" і ў чаце з назвай "ААТ "Нафтан" неабыякавых людзей" даслаў спасылку з відэахостынгу "Youtube" з назвай "Кардынацыйная рада". Раней гэты рэсурс уключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым пасяджэнні мужчына віну не прызнаў, піша "Віцебская Вясна".

Новапалачанін патэлефанаваў на "102" і сказаў "Слава Украіне" — яго арыштавалі на 15 сутак 

У Наваполацку 12 студзеня адбыўся суд над мясцовым жыхаром. Яго абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Прычына — тэлефонны званок на "102", падчас якога мужчына сказаў "Слава Украіне". Сваю віну на судзе ён прызнаў. Суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла яму 15 сутак арышту.

Ад "сутак" да прастрэленых каленяў: вынікі пераследу беларусаў за антываенную пазіцыю

"Вясна" распавядае пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

У Смаргоні за падпіску на Tribuna арыштавалі дырэктара спартыўнай школы

Дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе "ФК "Смаргонь" Дзяніса Лобана арыштавалі на 7 сутак за падпіску на Tribuna.cоm у Instagram. Старонка ў яго была адкрытай. Справу разгледзелі 17 студзеня ў судзе Смаргонскага раёна. Мужчына прызнаў віну — гэта палічылі змякчальнай акалічнасцю. Суд прызначыў яму сем сутак арышту з канфіскацыяй тэлефона.

Дзяніс Лобан узначаліў школу ў 2023 годзе. У мужчыны — двое дзяцей 17 і 14 гадоў, піша Hrodna.life.

Крыніца: Мінімум 310 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў студзені