06.02.2024 Тэгі: выбары-2024Агітацыйны пікет у Светлагорску У Светлагорску заўважаныя першыя агітацыйныя пікеты кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў. Праўда, з афыіцыйнай інфармацыі невядома – за каго з кандыдатаў агітавалі ў лесапаркавай зоне горада.

Паведамляецца, што давераныя асобы давалі тлумачэнні, раздавалі брашуры, у якіх утрымлівалася актуальная інфармацыя па канкрэтным кандыдату, а таксама галоўным аспектам маючай адбыцца выбарчай кампаніі.

Аднак на апублікаваных фотаздымках нябачна ні давераных асоб, ні зацікаўленых выбарцаў: толькі навучэнцы і школьнікі з балонікамі на марозе, якія "дапамагаюць ствараць прыўзняты настрой".

Нагадаем, што ў параўнанні з мінулымі электаральнымі кампаніямі сітуацыя з даступнасцю агітацыйных пляцовак істотна пагоршылася. Агітацыйныя мітынгі альбо пікеты зараз дазволена праводзіць толькі на тэрыторыі лесапаркавай зоны на скрыжаванні вуліц Свярдлова і Калініна, фактычна ў лесе.

Афіцыйны сайт райвыканкама інфармуе таксама і аб першых сустрэчах кандыдатаў з выбаршчыкамі.

«Жывы дыялог адбыўся ў Палацы культуры энергетыкаў: з жыхарамі Светлагорска сустрэліся кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання па Светлагорскай выбарчай акрузе, кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і кандыдат у дэпутаты Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў», – паведамляюць мясцовыя прапагандысты.

Пры гэтым прозвішчы выступоўцаў сарамліва замоўчваюцца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: У Светлагорску перадвыбарная агітацыя праходзіць пад завесай сакрэтнасці