11.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Паведамляецца, што “галоўныя пытанні, на якія прапаноўвалі знайсці адказы выступоўцы, тычыліся цяперашняй электаральнай кампаніі".
Сустрэчы з калектывамі ААТ “Беллакт” і ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” правялі 8 лютага першы намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Юрый Валеваты і намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэй Скурат. Пра гэта з тэгам “Готовимся к выборам” расказала раённая газета “Наш Час”.
Характэрна, што сам пракурор Андрэй Скурат балатуецца ў дэпутаты Гарадзенскага абласнога савету якраз па Ваўкавыскай выбарчай акрузе нумар 3, якая ахоплівае тэрыторыю менавіта гораду Ваўкавыск. Таму такія сустрэчы і выступы ёсць нічым іншым як выкарыстаннем свайго службовага становішча. Каму як ні высокапастаўленаму пракурору, які паводле свайго статусу павінен сачыць за законнасцю, ведаць пра гэта?! Аднак, калі ў краіне “иногда не до законов”, урэшце становіцца не да законаў заўсёды і паўсюль.
Акрамя іншага на сустрэчах у буйных працоўных калектывах Ваўкавыску пракурор Скурат расказваў пра супрацьдзеянне “экстрэмізму” і раіў прысутным пачысціць свае тэлефоны і акаўнты ў сацсетках, выдаліць сумнеўныя допісы і лайкі за апошнія 5 гадоў (чаму менавіта за пяць, а не за тры ці за дзесяць, Скурат не патлумачыў).
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Крыніца: Гарадзенскі пракурор выкарыстоўвае службовае становішча для агітацыі за сябе на так званых выбарах