13.02.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Судом Баранавіцкага раёна і Баранавіч вынесены прысуд палітзняволенаму Яўгену Кладаву, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Сафія Хвалько.

Па матэрыялах абвінавачання, Яўген Кладаў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на сцяне профілю, даступнай для прагляду іншым карыстальнікам, «разлічваючы на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальны характар сваёй публікацыі, наўмысна размясціў выяву, якая супярэчыць агульначалавечай маралі і нормам паводзін, прынятым у грамадстве, тым самым публічна наўмысна прынізіў гонар і годнасць асобы Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў, выказанае ў непрыстойнай форме».

У справе - два аналагічныя эпізоды. У судовым пасяджэнні Кладаў фактычна віну не прызнаў і паказаў, што ён на сваёй старонцы выпадкова ў адкрытым доступе для ўсіх карыстальнікаў размясціў прагледжаныя ім у сетцы Інтэрнэт раней карцінкі з выявай Лукашэнкі зрабіў гэта ён ненаўмысна, не ведаў, што гэтыя выявы захаваюцца ў стужцы яго старонкі, пасля ягонай адзнакі "Клас". Суд, які праходзіў 23-24 лістапада 2023 года,  прызнаў яго вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: Жыхар Баранавіч паставіў адзнаку "клас" у "Аднакласніках" і абразіў Лукашэнку