15.02.2024 Тэгі: грамадства, пераслед, затрыманні У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Слоніме праведзены ператрус у кватэры грамадскага актывіста Алеся Масюка
Канфіскаваны паперы, мужчына затрыманы.
У Віцебску па «экстрэмісцкім» артыкуле сёння судзяць прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву
На сёння было прызначана пасяджэнне ў дачыненні да вядомай віцебскай прарасійскай актывісткі па артыкуле аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
74-гадоваму мікашэвіцкаму пенсіянеру прызначылі 15 сутак арышту за «класы» ў «Аднакласніках»
Анатоля Прышчыка затрымалі надвячоркам 12 лютага. Як паведамлялі сваякі, затрыманне было жорсткім: «з чорнага бусу выпрыгнулі 15 амбалаў са зброяй, кінулі 74-х гадовага дзядульку тварам аб зямлю».
Cёння лунінецкая суддзя Вікторыя Жук прызначыла 15 сутак арышту Анатолю. Падставай сталі колішнія лайкі ў «Аднакласніках» пад інфармацыяй пра Святлану Ціханоўскую.
Сам Прышчык на суддзе казаў, што не помніў пра тыя лайкі. І звяртаў увагу на свой стан здароўя (у 2022 годзе яму аперавалі рак лёгкага, мае праблемы з сэрцам). Тым не менш, яго пакаралі па ч.2 арт.19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Анатоль Прышчык быў сябрам партыі БСДП (Грамада), неаднаразова з'яўляўся назіральнікам на выбарах.
Узброеныя сілавікі ўварваліся ў кватэру да беларускі, якая вярнулася на радзіму з Літвы
У «пакаяльным відэа» жанчыну прымусілі расказаць, што яна ў адным з паблікаў ва «УКантакце» пакінула каментар з абразай «прадстаўнікоў улады».
Прапагандысты ўдакладнілі, што затрыманая працяглы час жыла ў Літве. Распачата крымінальная справа.
Як адзначае "Зеркало", пост пра затрыманне жанчыны пазней быў выдалены.
Паводле інфармацыі "Медыязона", затрыманая — Таццяна Арахоўская.
Сілавікі затрымалі гродзенскага таксіста
Сцвярджаецца, што ён нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», удзельнічаў у пратэстах і пакідаў абразлівыя каментары. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы — былы футбольны фанат.
У Слоніме быў затрыманы Пётр Крышталь
Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына быў затрыманы за «пагрозу службовай асобе».
Пётр з'яўляўся назіральнікам на выбарах 2020 года і неаднаразова затрымліваўся паводле адміністрацыйных артыкулаў.
Пятру інкрымінаваныя арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Начальніка змены вафельнага цэху ААТ «Спартак» судзілі за «экстрэмізм»
Стала вядома пра затрыманне Віталія Слукі, начальніка змены вафельнага цэху СП ААТ «Спартак», піша «Гомельская Вясна».
13 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля на Віталя было накладзена адміністрацыйнае спагнанне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмістскіх матэрыялаў). Пастанову выносіла суддзя Таццяна Волкава. Вынік пасяджэння высвятляецца.
Прапагандысты паказалі людзей, якія нібыта прайшлі курс лекцый ініцыятывы «Кадравы резерв для новай Беларусі»
Кадры іх допытаў былі паказаныя па АНТ.
Нагадаем, сёння СК паведаміў, што распачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў ініцыятывы «Кадравы резерв для новай Беларусі». Ім інкрымінавана ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні).
Крыніца: Затрыманні, ператрусы, "суткі": хроніка пераследу 15 лютага